Зборная Італіі знялася з чэмпіянату свету па лыжных відах спорту
Зборная Італіі ў поўным складзе знялася з чэмпіянату свету па лыжных відах спорту, які зараз праходзіць у нямецкім Оберстдорфе.
Тэсты на каронавірус у італьянскіх скакуноў з трампліна далі станоўчыя вынікі. Скакуны хутка пакінулі Оберстдорф, але, нягледзячы на гэта, італьянскія лыжнікі ўсё роўна паспелі заразіцца. Такім чынам, яны не выступілі ў мужчынскай індывідуальнай гонцы на 15 км, якая абдылася 3 сакавіка.
„Мяшкоў Брэст” гарантаваў сабе чацвёртае месца ў групе Лігі чэмпіёнаў
Еўрапейская федэрацыя гандбола разгледзела абставіны адмены матчу „Мяшкоў Брэст” – „Порту” і прысудзіла берасцейцам тэхнічную перамогу (10:0). Пасля гэтага ў БГК стала 13 балаў. У той жа час ЕГФ праінфармавала, што запланаваны на чацвер паядынак „ПСЖ” – „Пік” не адбудзецца – раней у шэрагах вугорскага клуба быў выяўлены станоўчы вынік тэста на каронавірус. Камандзе з Сегеда залічана чарговая тэхнічная параза і ў яе застаецца 12 ачкоў. Такім чынам, „Мяшкоў Брэст” зойме чацвёртае месца ў сваёй групе – гэта найлепшы вынік за час выступлення ў Лізе чэмпіёнаў. У 1/8 фіналу БГК згуляе з пятай камандай групы „В” і першы матч правядзе на выездзе.
Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Ліёне
Аляксандра Сасновіч (96-ы нумар сусветнага рэйтынгу) паспяхова стартавала ў адзіночным разрадзе турніру ў французскім Ліёне. У 1/16 фіналу беларуская тэнісістка абыграла канадку Эжэн Бушар (143) – 7:6 (9:7), 6:2. Яшчэ адна беларуска Вера Лапко (280) у 1/16 фіналу згуляе з прадстаўніцай Швейцарыі Вікторыяй Галубіч (130). Раней у стартавым матчы парнага разраду Аляксандра Сасновіч і Вера Лапко перайгралі французскі дуэт Лойс Бойсан / Джулін Фаярд – 6:1, 6:1. Беларуска-казахстанскі тандэм Лідзія Марозава / Ганна Даніліна ў 1/8 фіналу ўзяў верх над румынскай парай Ірына Барэ / Міхаэла Бузарнеску – 6:4, 6:4.
У Японіі разглядаюць пытанне аб забароне наведвання Гульняў у Токіо замежнымі заўзятарамі
Урад Японіі разглядае пытанне аб забароне наведвання Алімпіяды замежнымі заўзятарамі. Прычына – асцярогі з нагоды распаўсюджвання каронавіруса. Улады краіны працягваюць таксама разважаць над допускам на трыбуны гледачоў з Японіі і над абмежаваннем іх колькасці. Рашэнне на гэты конт будзе прынята пасля перамоваў з МАК і іншымі арганізацыямі, залучанымі ў працэс падрыхтоўкі да Гульняў. У канцы лютага кіраўнік аргкамітэта Гульняў у Японіі Сэйко Хасімота заявіла, што арганізатары пакуль не разглядаюць варыянт правядзення спаборніцтваў пры пустых трыбунах.
„Кайрат” Аляксея Шпілеўскага прайграў у паўфінале Суперкубка Казахстана
У матчы 1/2 фіналу Суперкубка Казахстана „Кайрат” у серыі пенальці саступіў „Таболу” (3:3, 2:4 пенальці). У складзе „Кайрата” беларускі абаронца Дзяніс Палякоў выйшаў у стартавым складзе і быў заменены на 33-й хвіліне. У беларуса дыягнаставалі невялікае страсенне.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ЕРА