Зборная Канады выйграла моладзевы чэмпіянат свету па хакеі
Зборная Канады выйграла золата моладзевага чэмпіянату свету па хакеі ў Чэхіі.
У вырашальным паядынку паўночнаамерыканцы абыгралі расейцаў з лікам 4:3. Да гэтага фіналу зборныя Расеі і Канады 26 разоў сустракаліся на моладзевых чэмпіянатах свету. Цяпер на рахунку канадцаў 14 перамог. Расейцы выйгравалі ў 12-ці сустрэчах. Цікава, што на групавым этапе цяперашняга першынства свету расейцы разграмілі суперніка з лікам 6:0.
Менскае «Дынама» прайграла СКА ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага «Дынама» саступілі СКА з Санкт-Пецярбурга ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 1:4. Пад заслону сустрэчы нападнік гаспадароў Арцём Дзямкоў рэалізаваў большасць і закінуў шайбу прэстыжу. Наступны матч менскае «Дынама» правядзе на лядовай пляцоўцы «Менск-Арэны» 7 студзеня супраць пекінскага «Куньлуня».
Гомельскі БЧ другі раз выйграў Кубак Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы гомельскага БЧ, адолеўшы ў фінале менскую «Сталіцу» з лікам 1:0, у другі раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі па міні-футболе. Вырашальны паядынак юбілейнага 30-га кубкавага розыгрышу, які праходзіў у Гомелі, атрымаўся на рэдкасць упартым. Доўгі час нікому з супернікаў не ўдавалася дамагчыся поспеху, і толькі за 5 хвілін да перапынку Васіль Жарыкаў вывеў гамяльчан наперад. У другой палове дзеючыя чэмпіёны краіны прыклалі нямала намаганняў, каб адыграцца, але гаспадары ўтрымалі мінімальную перавагу. Да гэтага БЧ выйграваў Кубак краіны ў 2014 годзе. Больш за ўсіх Кубак Беларусі па міні-футболе выйграваў менскі «Дарожнік», у якога сем трафеяў.
Яшчэ адзін гулец нацыянальнай зборнай стаў футбалістам берасцейскага «Дынама»
Берасцейскае «Дынама» працягвае падпісваць пачаткоўцаў, абвясціўшы аб кантракце з Кірылам Пячэніным, які разлічаны на два гады, паведамляе афіцыйны сайт клуба. 22-гадовы абаронца з’яўляецца выхаванцам футбольнага клуба «Віцебск». У пачатку карʼеры ў якасці арандаванага гульца выступаў за «Оршу» і наваполацкі «Нафтан». Два папярэднія сезоны Кірыл зʼяўляўся асноўным крайнім абаронцам «Віцебска». Толькі за 2019 год Пячэнін адыграў у 29 матчах, правёў на полі больш за 2300 хвілін і набраў 6 ачкоў па сістэме гол + пас. Таксама Кірыл дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ў матчы супраць каманды Уэльса.
Вызначыліся суперніцы беларускіх тэнісістак на турніры ў Шэньчжэне
Пасля завяршэння кваліфікацыйных паядынкаў на турніры ў кітайскім Шэньчжэне сталі вядомыя першыя суперніцы беларусак. Дзеючая пераможца гэтага турніру Арына Сабаленка, якая мае 11-ы нумар сусветнага рэйтынгу, у першым раўндзе згуляе з расяянкай Маргарытай Гаспаран. Апаненткай Аляксандры Сасновіч будзе прадстаўніца Нямеччыны Ганна-Лена Фрыдзам. На старце спаборніцтваў парнага разраду беларуска-бельгійскі тандэм Арына Сабаленка / Элізэ Мёртэнс сустрэнецца з беларуска-ўкраінскім дуэтам Лідзія Марозава / Кацярына Бандарэнка. Змаганні ў Шэньчжэне, прызавы фонд якіх складае 650 тысяч даляраў завершацца 11 студзеня.
Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» заняў другое месца на першым этапе ралі «Дакар»
Экіпаж беларускай каманды «МАЗ-СПОРТаўта» на чале з Сяргеем Вязовічам заняў другое месца на першым этапе ралі «Дакар». Беларуская каманда ўпершыню выставіла на «Дакар» капотны грузавік, які на спецучастку саступіў толькі фаварытам з расейскай дружыны «КАМАЗ-майстар» на чале з Антонам Шыбалавым. Беларуская каманда саступіла пераможцам паўтары хвіліны. 42-е ралі «Дакар» стартавала ў Саудаўскай Аравіі. «Дакар» ўпершыню праходзіць на Блізкім Усходзе, куды старты перабраліся пасля 11-ці гадоў у Паўднёвай Амерыцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ТАСС