Зборная Швейцарыі адолела каманду Казахстана



Зборная Швейцарыі адолела каманду Казахстана ў матчы 3-га тура групавога раўнда чэмпіянату свету  па хакеі з лікам – 3:2. „Крыжаносцы” здабылі трэцюю перамогу запар. Зборная Швецыі разграміла каманду Вялікабрытаніі,  – 6:0. Расмус Далін і Антон Бенгцан набралі па тры ачкі.

Шатаўт аформіў Магнус Хёльберг, адбіўшы 16 кідкоў. Зборная Аўстрыі ў серыі пасляматчавых булітаў нанесла паразу камандзе Чэхіі 2:1

Яроменка перайшоў з мінскага „Дынама” ў „Магнітку”

Беларускі абаронца Уладзіслаў Яроменка (1999) стане гульцом магнітагорскага „Металурга”. Менскае „Дынама” не стала паўтараць прапанову „Магніткі”. Беларус падпіша двухгадовы кантракт з клубам з Магнітагорска, паведамляе прэс-служба КХЛ. У мінулым чэмпіянаце Яроменка згуляў у 44 матчах і набраў 6 (3+3) ачкоў пры паказчыку карыснасці „0”. Усяго ў КХЛ на яго рахунку 141 гульня і 25 (10+15) балаў.

А вось Ілля Шынкевіч працягне выступы за мінскае „Дынама”

У мінулым рэгулярным чэмпіянаце КХЛ Шынкевіч згуляў у 36 матчах і набраў 6 (3+3) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+14”. У плей-оф абаронца выходзіў на лёд у чатырох матчах і запісаў у актыў 3 (0+3)  балы. Усяго ў КХЛ Шынкевіч правёў 424 матчы, у якіх зарабіў 52 (16+36) ачкі. Маючы адбыцца сезон стане для 32-гадовага абаронцы ўжо дзевятым у складзе мінскага „Дынама”.

Ігар Карабанаў падпісаў кантракт з „Берасцем”

Беларускі форвард Ігар Карабанаў (1992) падпісаў кантракт з „Берасцем”.

Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. У мінулым сезоне Карабанаў выступаў за „Гомель”. У 49 матчах рэгуляркі вызначыўся 17 (6+11) баламі, у плей-оф у пяці сустрэчах набраў 3 (2+1) ачкі. Форвард раней гуляў за салігорскі „Шахцёр”, жлобінскі „Металург” і „Берасце”. З „гарнякамі” форвард станавіўся чэмпіёнам краіны. Усяго ў чэмпіянаце краіны, у тым ліку плэй-оф, Карабанаў згуляў 621 гульню, закінуў 72 шайбы і аддаў 110 галявых перадач.

„Ліверпуль” у валявым стылі абыграў „Саўтгемптан”

„Ліверпуль” святкаваў валявую перамогу над „Саўтгемптанам” у выязным матчы 37-га тура чэмпіянату Англіі па футболе з лікам — 2:1.

За тур да фінішу „чырвоныя” саступаюць лідэру табліцы „Манчэстэр Сіці” адзін бал. У заключным туры каманда Юргена Клопа сустрэнецца з „Вулверхэмптанам” дома, а „гараджане” прымуць „Астан Вілу”. Матчы пройдуць 22 траўня.

Салікаў збіраецца сыходзіць з „Менчанкі”

Галоўны трэнер „Менчанкі” Станіслаў Салікаў расказаў, што пакідае клуб.

“Кантракт заканчваецца, у наступным годзе працаваць з “Менчанкай” не буду. Таму не магу сказаць, якія будуць змены, хто застанецца. Пытанне аб змене пачало абмяркоўвацца яшчэ ў снежні, пра што даведаўся ад сяброў у Расеі. Так што пытанні наконт усіх гэтых змен — гэта да кіраўніцтва, а не да мяне”, — зазначыў Салікаў у эфіры „Спорт-Кадра”.

У Казахстан паступаюць запыты ад спартоўцаў з Беларусі і Расеі пра змену грамадзянства

Казахстанскім камандам па алімпійскіх відах спорту паступаюць запыты ад спартоўцаў з Беларусі і Расеі пра змену грамадзянства. Пра гэта расказаў старшыня Камітэта па справах фізкультуры і спорту Міністэрства спорту Казахстана Сама Ергаліеў. Спартоўцы з Расеі і Беларусі адхілены ад пераважнай большасці спаборніцтваў з-за канфлікту суседніх краін. Як апынулася, некаторыя спартоўцы з Расеі і Беларусі шукаюць магчымасць вярнуцца на міжнародныя спаборніцтвы, змяніўшы грамадзянства.

„Па прыярытэтных відах спорту, такіх як бокс, віды барацьбы, легіянераў не бяром. Па відах спорту , якія развіты не так добра, як прыярытэтныя, для легіянераў ставім пэўныя мэты – даць магутны штуршок для развіцця гэтага віду спорту. Пакуль з тых, хто хоча да нас перайсці, няма спартоўцаў высокага класа, якія маюць медалі алімпіяд, чэмпіянатаў свету, хто ўжо паказаў сябе на сусветнай арэне”, — зазначыў чыноўнік.