Жаночая байдарка-чацвёрка выйграла срэбра на дыстанцыі 500 м
Беларуская жаночая байдарка-чацвёрка заняла другое месца ў фінальным заездзе алімпійскай рэгаты на дыстанцыі 500 метраў.
Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева і Надзея Папок усю дыстанцыю трымаліся ў лідарскай групе і прайшлі гонку за 1 хвіліну 36,073 секунды. Апярэдзіць на адну секунду беларускі квартэт змаглі толькі тытулаваныя вугоркі на чале з Данутай Козак. Бронзавы медаль у польскай дружыны. А вось беларуская мужчынская чацвёрка на аналагічнай дыстанцыі ў фінале паказала толькі пяты час. Цяпер у беларускай каманды на АГ-2020 шэсць медалёў (золата, тры срэбра і дзве бронзы).
Футбалісткі Канады ўпершыню сталі алімпійскімі чэмпіёнкам
Футбалісткі зборнай Канады ўпершыню сталі алімпійскімі чэмпіёнкамі. У фінальным паядынку жаночага турніру канадкі адолелі суперніц са Швецыі ў серыі пасляматчавых пенальці. Асноўны час завяршыўся ўнічыю – 1:1, у авертайме гэты вынік не змяніўся, а пенальці лепш выканалі канадскія футбалісткі – 3:2. На мужчынскім футбольным турніры вызначыліся ўладальнікі бронзавых узнагарод – зборная Мексікі ўпэўнена выйграла ў японскіх футбалістаў з лікам 3:1. Сёння ў фінале дзейсныя алімпійскія чэмпіёны бразільцы сустрэнуцца з камандай Іспаніі.
Мужчынская зборная ЗША па баскетболе, адолеўшы ў фінале каманду Францыі з розніцай у пяць ачкоў 87:82, стала пераможцам Алімпійскіх гульняў.
У перадапошні дзень Алімпіяды будуць разыграны 34 камплекты ўзнагарод
У перадапошні дзень XXXII летніх Алімпійскіх гульняў у японскай сталіцы будзе разыграна рэкордная колькасць узнагарод – 34. У фінале мужчынскіх спаборніцтваў па кіданні дзіды за алімпійскія медалі будуць змагацца беларусы Аляксей Каткавец і Павел Мялешка. У фінале асабістага шматбор’я па мастацкай гімнастыцы выступяць Анастасія Салос і Аліна Гарноська. Бягухі Вольга Мазуронак і Ніна Савіна пераадолеюць марафонскую дыстанцыю. У паўфіналах выступяць беларускія экіпажы весляроў на байдарках і каноэ. Ілля Палазкоў паспрабуе заваяваць месца на алімпійскім п’едэстале ў мужчынскім індывідуальным турніры па сучасным пяцібор’і.
„Брэст” сенсацыйна абыграў „Юнацтва” у Кубку Салея
У рамках групавога этапу хакейнага Кубка Салея „Брэст” сенсацыйна абыграў „Юнацтва” 4:2 – дублем адзначыўся Аляксандр Пухлоўскі. „Дынама-Маладзечна” было мацней за гарадзенскі „Нёман” з лікам 5:3 – хет-трыкам у складзе пераможцаў адзначыўся Эдуард Грынь.
Ліянэль Месі амаль дамовіўся з „ПСЖ”
Аргентынскі форвард Ліянэль Месі можа працягнуць кар’еру ў „ПСЖ”. 34-гадовы аргентынец амаль дамовіўся з парыжскім клубам. Раней стала вядома, што Месі не падпіша новы кантракт з „Барселонай”. Трансфер аргентынца павялічвае верагоднасць таго, што форвард Кіліан Мбапэ падпіша новы доўгатэрміновы кантракт з „ПСЖ”, па іншых звестках ён хоча пакінуць клуб у выпадку прыходу аргентынца. Таксама пераход Месі азначае адмову „ПСЖ” ад трансферу паўабаронцы „Манчэстар Юнайтэд” Поля Пагба. Месі выступаў за „Барселону” з 2000 года. На рахунку аргентынца 10 перамог у чэмпіянаце Іспаніі, па сем – у Кубку і Суперкубку Іспаніі, чатыры – у Лізе чэмпіёнаў, па тры – у Суперкубку Еўропы і на клубным чэмпіянаце свету.
Юрген Клінсман можа ўзначаліць зборную Украіны
Сяргей Раброў, Мірон Маркевіч і Юрген Клінсман – кандыдаты на пасаду галоўнага трэнера зборнай Украіны. Напярэдадні з’явілася інфармацыя, што каманду можа ўзначаліць настаўнік кіеўскага „Дынама” Мірча Лучэску. Аднак у Лучэску зараз у прыярытэце праца ў клубе, з якім ён у мінулым сезоне стаў чэмпіёнам Украіны. Пасада настаўніка зборнай Украіны стала вакантнай пасля звальнення Андрэя Шаўчэнкі.
Джэрсі Міхаіла Захарава знялі з-пад скляпенняў „Мінск-Арэны” і „Чыжоўка-Арэны”
Гульнявыя швэдры экс-галоўнага трэнера зборнай Беларусі Міхаіла Захарава прыбіраюць са сталічных арэн. Джэрсі Захарава спачатку прыбралі з „Чыжоўка-Арэны”, затым швэдар знік і з „Мінск-Арэны”, дзе вісеў пад скляпеннямі з 2018 года, паведамляе Fan Zone. Захараў быў звольнены з пасады галоўнага трэнера зборнай Беларусі пасля чэмпіянату свету-2021, дзе каманда заняла перадапошняе месца.
Беларускага арбітра прызначылі на матч за Суперкубак УЕФА
Беларускага арбітра Аляксея Кульбакова прызначылі на матч за Суперкубак УЕФА паміж „Чэлсі” і „Вільярэалам”, які пройдзе 11 жніўня ў Белфасце. Кульбакоў будзе чацвёртым арбітрам. Галоўным будзе расеец Сяргея Карасёў, яго памочнікамі — Ігар Дзямешка і Максім Гаўрылін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: НАК