Жаночая баскетбольная дружына Беларусі выйшла на Алімпіяду!
Шлях туды быў надзвычай складаны і цярністы. Прабівацца давялося праз напружаны і дадатковы спабор. Упэўнена перамогшы Аргенціну, беларускам заставалася зрабіць апошні крок – перамагчы дружыну Паўднёвай Карэі. З ёй падначаленыя Анатоля Буяльскага ўжо сустракаліся ў папярэднім групавым турніры і саступілі ачко, пры тым беларускі захавалі першае месца. Параза ад Кітая паставіла пад пытанне ўдзел у алімпіядзе, але выйграўшы два дадатковыя матчы, Беларусь заваявала запаветную пуцёўку.
У вырашальным паядынку беларускі адразу захапілі ініцыятыву, выйшлі наперад 12:0 і ні разу не дазволілі суперніцам сябе дагнаць. Выніковы лік 56:39 (12:8, 15:8, 12:12, 17:11).
Беларусь у гэты дзень выступіла ў такім складзе: Марыя Папова (2 ачкі + 7 подбораў), Кацярына Сныціна (2 пасы), Тацяна Ліхтаровіч (5 + 3 падб. + 2 пасы), Настасся Верамеенка (11 + 15 падб.), Алена Леўчанка (8 + 11 падб. + 3 пасы), Ліндсэй Хардынг (17 + 3 падб. + 3 пасы), Тацяна Троіна (11 + 4 падб.), Наталля Ануфрыенка (2). У складзе каманды таксама былі Вольга Зюзькова, Юлія Рыцікава, Ксенія Малашка і капітан Наталля Трафімава. Трэнеры Анатоль Буяльскі і Мікалай Бузлякоў.
Жаночая баскетбольная дружына другі раз здабыла права выступіць на алімпіядзе. Першы раз беларускі выступалі там у Пекіне ў 2008-ым годзе.
Стаў вядомы каляндар гульняў беларусак у Рыа-дэ-Жанэйра. На першым этапе Беларусь трапіла ў групу „А”, дзе пазмагаецца з Японіяй (6 жніўня), Францыяй (7 жніўня), Бразіліяй (9 жніўня), Турцыяй (11 жніўня), Аўстраліяй (13 жніўня).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by