Жаночая зборная Беларусі па баскетболе саступіла камандзе Польшчы



Жаночая зборная Беларусі саступіла камандзе Польшчы ў матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2021 – 56:68. Самым выніковым гульцом у складзе беларускай каманды стала Марыя Папова, якая набрала 13 ачкоў. Беларускі рэалізавалі толькі адзін з дваццаці кідкоў з-за дугі. 4 лютага беларускі згуляюць з камандай Вялікабрытаніі. Пуцёўкі на чэмпіянат Еўропы атрымаюць пераможцы груп, а таксама пяць лепшых каманд сярод тых, якія занялі другія месцы.

Гол Шкурына прынёс маскоўскаму ЦСКА перамогу над „Мурсіяй” у спарынгу

Маскоўскі ЦСКА, якім кіруе беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, перамог „Мурсію” ў спарынгу на зборы ў Іспаніі – 3:1. Пераможны гол на рахунку беларускага форварда Іллі Шкурына. Нападнік паўдзельнічаў і ў першым узяцці брамы „Мурсіі”, але мяч быў запісаны як аўтагол гульца іспанскага клуба. Шкурын забіў у другім спарынгу запар. Ён вызначыўся голам і ў першай сустрэчы з „Мурсіяй”.

Кірыл Пячэнін трапіў у сферу інтарэсаў маскоўскага „Лакаматыва”

Беларускі абаронца Кірыл Пячэнін трапіў у сферу інтарэсаў маскоўскага „Лакаматыва”, а таксама клубаў з Бельгіі і Польшчы. Сам футбаліст схіляецца да варыянту працягу кар’еры ў Еўропе, паведамляе sport24. На дадзены момант Пячэнін з’яўляецца свабодным агентам, кантракт гульца з берасцейскім „Дынама” скончыўся 1 студзеня 2021 года.

Аляксандра Сасновіч і Марта Касцюк выйшлі ў чвэрцьфінал турніру ў Мельбурне

Беларуска Аляксандра Сасновіч і ўкраінка Марта Касцюк выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру „Yarra Valley Classic” у аўстралійскім Мельбурне. У паядынку 1/8 фіналу яны перамаглі кітайскі дуэт Сю Іфань / Ян Чжаосюань – 5:7, 6:4, 10:6. У чвэрцьфінале Сасновіч і Касцюк сустрэнуцца з яшчэ адным кітайскім тандэмам Дуань Інін / Чжэн Сайсай.

Беларуска Карына Дзямідзік выйграла бронзу турніру па скачках у вышыню ў Славакіі

Беларуская лёгкаатлетка Карына Дзямідзік выйграла бронзу турніру па скачках у вышыню ў Славакіі. Медаль спартоўцы прынесла ўдалая спроба на вышыні 1 м 93 см. Другое месца заняла ўкраінка Юлія Леўчанка – 1 м 96 см. Перамогу святкавала яе суайчынніца, 19-гадовая Яраслава Магучых – 2 м 6 см. Гэта яе асабісты рэкорд, рэкорд турніру, а таксама сусветнае дасягненне сярод спартовак, якія не дасягнулі 20 гадоў, у памяшканні. На спаборніцтвах сярод мужчын Беларусь прадстаўляў Максім Недасекаў, які завяршыў спаборніцтвы на сёмай пазіцыі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя