Жаночая зборная Беларусі перайграла брытанак
У сваім трэцім матчы ў рамках адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2021 у групе „F” жаночая баскетбольная зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Трафімавай аказалася мацнейшай за суперніц з Вялікабрытаніі – 67:57.
У групе лідыруюць брытанкі, але ў іх на 1 матч больш, чым у беларусак і полек.
Чэмпіёнка свету 2019 года Аляксандра Раманоўская афіцыйна звольненая з РЦАП па фрыстайле
Чэмпіёнка свету 2019 года Аляксандра Раманоўская афіцыйна звольненая з РЦАП па фрыстайле, пра гэта яна напісала ў сваім Instagram. Інфармацыя пра звальненне Раманаўскай з’явілася яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Афіцыйная прычына – прагулы. Па 3 лютага Аляксандра знаходзілася на бальнічным і працягвала аднаўляцца пасля аперацыі на калене. Па заканадаўстве ў такім выпадку супрацоўніка нельга звольніць. Аднак ужо тады яна заяўляла, што загад на яе звальненне ўжо падпісаны.
Матчы з удзелам Вікторыі Азаранкі і Ягора Герасімава на турніры ў Мельбурне перанесены на 5 лютага
4 лютага на хардзе ў Мельбурне павінны былі адбыцца матчы з удзелам беларускіх тэнісістаў – Вікторыі Азаранкі (№13 WTA) і Ягора Герасімава (№78 АТР). Першапачатковыя планы аказаліся зменены арганізатарамі. Абодва паядынкі пройдуць 5 лютага. Прычынай для пераносу паслужыў станоўчы тэст на каронавірус, які здаў адзін з працаўнікоў каранціннага гатэля ў Мельбурне. Гэта значыць, што, верагодна, асобным удзельнікам давядзецца правесці па два матчы за суткі.
Ягор Шаранговіч адхілены ад матчаў НХЛ па пратаколе COVID-19
Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч адхілены ад матчаў НХЛ па пратаколе COVID-19. Пра гэта паведаміў у твітары журналіст TSN Фрэнк Серавалі. Хакеісты, якія фігуруюць у гэтым спісе, могуць быць унесены туды па шэрагу прычын: пацверджаны выпадак COVID-19, непацверджаны станоўчы тэст, ізаляцыя пры з’яўленні сімптомаў каронавіруса, каранцін па прычынах, звязаных з паездкай.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: fiba.basketball