Жаночая зборная Беларусі выйграла ЧЕ па індор-хакеі
Жаночая зборная Беларусі па індор-хакеі, абыграўшы галоўных фаварытаў турніру – каманду Нідэрландаў у серыі булітаў з лікам 4:3 заваявала залатыя медалі чэмпіянату Еўропы, які завяршыўся ў Менску.
Гэтая вікторыя стала першай для нашых хакеістак, якія займаюць трэцяе месца ў рэйтынгу лепшых індор-хакейных каманд свету пасля Нідэрландаў і Нямеччыны. Раней жаночая нацыянальная зборная Беларусі па індор-хакеі была двухразовым прызёрам чэмпіянатаў Еўропы: ў 2016 і 2018 гадах дзяўчаты заваявалі бронзавыя ўзнагароды, у 2018-м наша каманда заняла таксама трэцяе месца на Кубку свету.
Беларускія баксёры заваявалі тры ўзнагароды на турніры ў Балгарыі
Беларускія спартоўцы заваявалі два срэбраныя і адзін бронзавы медалі на найстарэйшым еўрапейскім турніры па боксе „Странджа”, які прайшоў у балгарскай Сафіі. У фінальным паядынку бабруйчанін Аляксандр Радзівонаў у вагавай катэгорыі 69 кг саступіў французу Вахіду Хамблі. Яшчэ адзін беларус Вадзім Панкоў у вазе 75 кг у сутычцы за залатую ўзнагароду прайграў украінцу Аляксандру Хіжняку. Выхаванец салігорскай школы бокса Міхаіл Даўгалевец у 81 кг не змог падабраць ключ да абароны ўкраінца Сцяпана Грэкулы ў паўфінальнай сутычцы і стаў уладальнікам бронзавага медаля. Удзел у турніры прынялі каля 300 баксёраў з 30 краін.
Валейбалісткі „Мінчанкі” святкавалі трэцюю перамогу ў расейскай суперлізе
Валейбалісткі „Мінчанкі” дамагліся трэцяй перамогі ў 12-м туры расейскай суперлігі. У хатнім матчы з лікам 3:2 была абыграна „Ленінградка”. Самым выніковым гульцом сустрэчы стала Вікторыя Сакрэтава. На рахунку спартоўкі з Маладэчна 35 ачкоў, з іх тры на блоку. „Мінчанка”, набраўшы ў 12 матчах 8 ачкоў, ідзе на 11-м месцы ў турнірнай табліцы суперлігі.
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі „Хімкі” ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі 12-ю паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. У хатнім паядынку з лідарамі „банкаўскага” турніру баскетбалістамі падмаскоўных „Хімак” менчукі аказалі ўпарты супраціў больш майстравітым супернікам, але ўсё ж саступілі з розніцай 14 ачкоў 94:80. Самым выніковым у складзе „цмокаў” стаў Домінэз Барнэт, які набраў 17 ачкоў.
Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу парнага разраду „Australian Open”
Беларуска Арына Сабаленка ў пары з бельгійкай Эліс Мёртэнс прабілася ў чвэрцьфінал „Australian Open”. У матчы 1/8 фіналу дзяўчаты, пасеяныя пад трэцім нумарам, у двух партыях абыгралі Вераніку Кудзерметаву і Алісан Рыск – 5:7, 6:3, 6:2.
Эберг выйграла мас-старт на этапе КС у Паклюцы
Шведская біятланістка Ханна Эберг заняла першае месца ў мас-старце на шостым этапе Кубка свету, які прайшоў у славенскай Паклюцы.
Яна дапусціла адзін промах на трэцім агнявым рубяжы. На другой пазіцыі размясцілася італьянка Ліза Вітоці. Замкнула тройку лідараў францужанка Анаіс Бяскон. Беларуска Ірына Крыўко стала 18-й, саступіўшы лідару гонкі 2 хвліны 5,4 секунды, дапусціўшы два промахі пры стральбе.
Гандбалісты Іспаніі адстаялі тытул чэмпіёнаў Еўропы
Гандбалісты зборнай Іспаніі другі раз запар сталі пераможцамі чэмпіянату Еўропы, абыграўшы ў вырашальным паядынку харватаў з лікам 22:20. Бронзу першынства Еўропы заваявалі гандбалісты Нарвегіі, якія разграмілі славенцаў – 28:20. Два гады таму на ЧЕ ў Харватыі іспанцы заваявалі золата, перамогшы ў фінале каманду Швецыі 29:23.
„Манчэстэр Сіці” і „Манчэстэр Юнайтэд” разграмілі апанентаў, „Ліверпуль” згуляў унічыю
„Манчэстэр Сіці” разграміў „Фулхэм” 4:0, „Манчэстэр Юнайтэд” – „Транмер Ровэрс” 6:0, „Ліверпуль” згуляў унічыю з „Шрусберы” 2:2 у матчах чацвёртага раунда Кубка Англіі.
„Напалі” на хатняй арэне адолеў „Ювентус” у матчы 21-га тура чэмпіянату Італіі – 2:1. У гасцей Крышціяну Раналду вызначыўся ў восьмым матчы серыі А запар, аднак узяцце брамы стала толькі голам прэстыжу.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота by.tribuna.com