Жаночая зборная Беларусі выйшла ў плэй-оф Чэмпіяната свету па гандболе
Жаночая зборная Беларусі па гандболе выйшла ў плэй-оф ЧС-2021 з другога месца ў групе. У рамках групы 5, усе паядынкі якой прайшлі на „Чыжоўка-Арэне”, наша каманда згуляла ўнічыю са Швейцарыяй — 25:25. Матчы за выхад на ЧС-2021 пройдуць з 16 па 21 красавіка.
Дынара Алімбекава заняла другое месца на этапе Кубка свету па біятлоне
Беларуска Дынара Алімбекава заняла другое месца ў мас-старце на этапе Кубка свету па біятлоне ў шведскім Эстэрсундзе. На дыстанцыі 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі беларуска саступіла пераможцы з Нарвегіі Інгрыд Тандрэвольд 6,9 секунды, дапусціўшы шэсць промахаў пры стральбе. Па выніках сезона Вялікі крыштальны глобус выйграла нарвежская біятланістка Тырыль Экхаф.
У мужчынскім мас-старце перамог француз Сымон Дэсцье, які не зачыніў дзве мішэні і пераадолеў дыстанцыю гонкі за 35 хвілін 43,7 секунды. На 8,9 секунды ад яго адстаў расеец Эдуард Латыпаў, які дапусціў два промахі на агнявых рубяжах. Замкнуў тройку наймацнейшых нарвежац Ёханэс Бё, які выйграў агульны залік Кубка свету. Беларус Антон Смольскі фінішаваў у мас-старце 19-м.
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі „Астане” у Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі чарговую паразу ў Адзінай лізе ВТБ. Падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі на сваёй арэне казахстанскай „Астане” з Нур-Султана з розніцай у два ачкі – 78:80. Абедзве каманды знаходзяцца ўнізе турнірнай табліцы – менчукі ў 17 папярэдніх сустрэчах перамагалі толькі двойчы, а іх супернікі выйгралі 4 матчы. Турнірную табліцу ўзначальваюць баскетбалісты піцерскага „Зеніта”, у якога 17 перамог, на дзве вікторыі менш у казанскага Унікса, па 13 выйгрышаў у польскай каманды „Зялёна Гура”, маскоўскага ЦСКА і краснадарскага клуба „Лакаматыў-Кубань”.
„Нью-Джэрсі” Шаранговіча абыграў „Піцбург” у авертайме
„Нью-Джэрсі” на выездзе абыграў у авертайме „Піцбург” у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 2:1. Беларускі форвард „д’яблаў” Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 19 хвілін, пяць разоў кінуў па брамцы супернікаў і завяршыў сустрэчу з адзінкай у графе „плюс-мінус”. „Нью-Джэрсі” з 26 ачкамі ідзе сёмым у табліцы „Усходу”.
„Гомель” перамог „Спутнік” у матчы чэмпіянату Беларусі
Футбалісты „Гомеля” перамаглі рэчыцкі „Спутнік” з лікам 2:0 у апошнім матчы 2-га тура чэмпіянату Беларусі. На 9-й хвіліне Дзмітрый Гомза вывеў гаспадароў наперад, а пасля перапынку Андрэй Салавей усталяваў канчатковы лік гэтай сустрэчы. Футбалісты „Слуцка” і гарадзенскага „Нёмана” згулялі ўнічыю — 1:1. Таксама ўнічыю завяршыліся яшчэ тры матчы тура. „Дынама” (Берасце) і барысаўскі БАТЭ галоў не забілі – 0: 0, таксама не было галоў у матчы паміж „Віцебскам” і сталічным „Дынама” — 0:0, а ў сустрэчы „Мінска” і берасцейскага „Руха” каманды забілі па два мяча – 2:2, салігорскі „Шахцёр” у гасцях адолеў „Энергетык-БДУ” – 2:1, „Іслач” на хатняй арэне абыграла „Смаргонь” — 2:0, а мазырская „Славія” саступіла жодзінскаму „Тарпеда-БелАЗ” — 0:1. Турнірную табліцу ўзначальваюць „Іслач” і „Шахцёр”, якія набралі па 6 ачкоў з 6 магчымых.
„Лестэр” адправіў тры мячы ў браму „Манчэстар Юнайтэд” і прабіўся ў паўфінал Кубка Англіі
„Лестэр” перамог „Манчэстар Юнайтэд” у матчы 1/4 фіналу Кубка Англіі – 3:1. Дублем адзначыўся Келеці Іхеанача. У паўфінале 17 красавіка «лісы» будуць змагацца з „Саўгемптанам”. „Чэлсі” абыграў „Шэфілд Юнайтэд” – 2:0. Лонданцы выйшлі ў наступную стадыю турніру, дзе будуць змагацца з „Манчэстар Сіці”. У матчы 29-га тура чэмпіянату Англіі „Арсенал” адыграўся ў „Вест Хэма” з 0:3 і вырваў нічыю — 3:3 – у матчы гледачы ўбачылі адразу два аўтаголы. „Атлетыка” перамог „Алавес” у матчы 28-га тура чэмпіянату Іспаніі – 1:0. Адзіны мяч забіў Луіс Суарэс. «Барселона» разграміла «Рэал Сасьедад» 6:1. Месі і Дэст запісалі на свой рахунак па дублю. „Атлетыка” лідзіруе ў табліцы, апярэджваючы „Барселону” на 4 і „Рэал” на шэсць балаў. „Мілан” перамог „Фіярэнціну” у матчы 28-га тура чэмпіянату Італіі – 3:2 і з 59 ачкамі ідзе другім у турнірнай табліцы. У матчы 30-га тура французскай Лігі 1 «Пары Сэн-Жэрмэн» перайграў «Ліён» 4:2. Кіліан Мбапэ забіў два мячы. «ПСЖ» набраў 63 ачкі і падняўся на першае месца ў турнірнай табліцы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя