Жаночы чэмпіянат Беларусі па футболе стартуе 30 красавіка



Жаночы чэмпіянат Беларусі па футболе стартуе 30 красавіка. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Першапачаткова планавалася пачаць жаночае першынство 16 красавіка, але затым АБФФ вырашыла адкласці старт у сувязі з тым, што некалькі футбалістак, якія ўдзельнічаюць у турніры, кантактавалі з магчымымі носьбітамі COVID-19. Праведзеныя тэсты на наяўнасць віруса далі адмоўныя вынікі. Такім чынам, у першым туры дзейсныя чэмпіёнкі, уладальніцы Кубка і Суперкубка краіны футбалісткі „Менска” прымуць на сваім полі магілёўскі „Днепр”. Сталічная „Зорка-БДУ” першы паядынак правядзе ў гасцях супраць выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву, бронзавы прызёр гарадзенскі „Нёман” згуляе на выездзе з футбалісткамі „Бабруйчанкі”. Акрамя таго, сталічная каманда „Дынама-БДУФК” прыме юніёрскую зборную Беларусі (U-19).

БГК імя Мяшкова адолеў „Машэку”, СКА перамог „Гомель” ў матчах чэмпіянату Беларусі

Пасля перапынку аднавіліся матчы мужчынскага гандбольнага чэмпіянату Беларусі. Дзеючы чэмпіён Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова ў Магілёве без праблем перайграў „Машэку” з лікам 35:19 (16:12). У складзе пераможцаў самымі выніковымі сталі Мікіта Вайлупаў і Максім Баранаў, якія закінулі па 5 мячоў. Гандбалісты менскага СКА абыгралі на сваёй пляцоўцы гасцей з „Гомеля” – 33:27 (17:10). Найлепшым снайперам СКА стаў Юльян Гірык, які 9 разоў трапіў у брамку супернікаў.

Кіеў ўслед за Мінскам падаў заяўку на правядзенне найбуйнейшага турніру па Dota 2

Кіеў афіцыйна падаў заяўку на правядзенне найбуйнейшага турніру ў свеце кіберспорту The International па Dota 2 ў 2021 годзе. Раней заяўку на правядзенне гэтага турніру адправіў Менск. Чакаецца, што горад, які прыме турнір, будзе названы падчас фінальнага матчу The International 2020, які запланаваны на канец жніўня ў Стакгольме. Прызавы фонд турніру у 2019 годзе склаў 32 мільёны долараў.

Шлойда і Аляксейчык пакінуць „Менск”

Гендырэктар футбольнага клуба „Менск” Ігар Шлойда і спартовы дырэктар Аляксандр Аляксейчык могуць у бліжэйшы час пакінуць клуб. У абодвух мэнэджэраў у хуткім часе мінаюць кантракты і новыя пагадненні працадаўца пакуль не прапаноўваў. Рашэнне можа быць прынята на наступным тыдні. Пра гэта паведамляе by.tribuna.com. Галоўнымі кандыдатамі на гэтыя пазіцыі называюцца Юры Шуканаў і Сяргей Бароўскі.