Жлобінскі „Металург” выйграў трэці матч запар у чэмпіянаце краіны па хакеі
Паядынкам „Металурга” і „Дынама-Маладзечна” ў Жлобіне завяршылася гульнявая праграма панядзелка ў беларускай хакейнай экстралізе. Два дні таму каманды ўжо сустракаліся ў Жлобіне і на радасць гледачам набілі дзесяць шайб на дваіх – „Металург” перамог з лікам 6:4. Аднак гульня ў панядзелак не мела практычна нічога агульнага з суботнім градам галоў, супаў хіба што выніковы поспех гаспадароў лёду – 2:1 на карысць дзейных чэмпіёнаў. Гэтая вікторыя стала для жлобінскага клуба трэцяй запар, настолькі працяглага паспяховага адрэзка ў гэтым сезоне хлопцы Дзмітрыя Краўчанкі яшчэ не дэманстравалі. Пераможная серыя дазволіла „ваўкам” узняцца на восьмае месца ў экстралізе, адставанне ад зоны плэй-оф складае чатыры ачкі. Таксама гарадзенскі „Нёман” у гасцях нанёс паразу салігорскаму „Шахцёру” 3:2, а „Гомель” на выездзе разабраўся з „Лідай” 4:2.
Літоўская зборная не хоча гуляць з беларускімі футбалістамі на сваім полі
Літоўскія футбалісты хочуць пазбегнуць матча са зборнай Беларусі ў Лізе Нацый на сваім полі. Пра гэта кажа прэзідэнт Літоўскай федэрацыі футбола Эдгарас Станкявічус, піша 15min.lt. Па яго словах, месца правядзення матчаў Лігі Нацый паміж зборнымі Літвы і Беларусі яшчэ не вызначанае. Самы гульні павінны адбыцца ў сакавіку: каманды будуць змагацца за права застацца ў дывізіёне „С”. Прымаць беларусаў у сябе літоўцы не хочуць. Станкявічус кажа, што размаўляў пра гэта нядаўна з генсакратаром Беларускай федэрацыі футбола. Беларуская зборная сёлета адзін матч гуляла ў Сербіі, а астатнія — у Венгрыі. Калі першы матч прызначаць у Венгрыі, дык і матч у адказ, мяркуе Станкявічус, таксама варта гуляць там, „каб зэканоміць сродкі”.
«Рэал» хоча падоўжыць кантракт з Анчалоці да 2026 года
Па інфармацыі Relevo, «Рэал» хоча да Калядаў падоўжыць кантракт з Карла Анчалоці яшчэ на два гады. Клуб ужо пачаў перамовы з італьянскім спецыялістам, таму што кіраўніцтва «Рэала» задаволенае выступам каманды на старце сезона. Таксама ў клубе задаволены працай Анчалоці з маладымі гульцамі. Сярод іх Вінісіус Жуніёр, Радрыга, Эдуарда Камавінга і Федэрыка Вальвердэ, на якіх плануецца рабіць стаўку ў доўгатэрміновай перспектыве. У «Рэале» ўпэўненыя, што трэнер пагодзіцца падоўжыць кантракт, нягледзячы на цікавасць з боку зборнай Бразіліі. На сустрэчы з кіраўніцтвам пасля заканчэння папярэдняга сезона Анчалоці заявіў, што «Рэал» для яго – прыярытэт, і ён гатовы чакаць прапановы пра новы кантракт.
Беларускія барцы выйгралі 24 медалі на турніры Гран-пры на прызы Аляксандра Мядзведзя
У сталічным Палацы спорту завяршыўся 52-гі міжнародны турнір Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Удзел у спаборніцтвах прынялі больш за 200 прадстаўнікоў вольнага стылю з Беларусі, Расіі, Арменіі, Бахрэйна, Казахстана, Малдовы, Паўночнай Македоніі і Узбекістана, якія разыгралі 20 камплектаў медалёў (па 10 у мужчын і жанчын). Беларускія барцы заваявалі на турніры 24 узнагароды – 8 залатых, 5 срэбраных і 11 бронзавых.
Беларускае Радыё Рацыя