Жодзінскія тарпедаўцы разграмілі „Энергетык-БДУ” у чэмпіянаце Беларусі



У чэмпіянаце Беларусі па футболе завяршылася праграма 19-га тура.

У першым матчы менскі „Энергетык-БДУ” прымаў у Маладэчне жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” і прайграў з буйным лікам 1:4. Футбалісты барысаўскага БАТЭ святкавалі буйную перамогу над „Менскам” – 6:0. У першым тайме сустрэчы на полі „Барысаў-Арэны” гаспадары двойчы засмуцілі брамніка супернікаў – на 5-й хвіліне Максім Скавыш адкрыў лік, а незадоўга да перапынку вызначыўся капітан каманды Ігар Стасевіч. У другой палове гульні Дзмітрый Бага забіў трэці мяч, затым Максім Скавыш аформіў голавы дубль, а Станіслаў Драгун і Яўген Яблонскі давялі справу да поўнага разгрому. Салігорскі „Шахцёр” прымаў на сваім стадыёне „Смалявічы” і дзякуючы дублю Аздрэна Лулаку адолеў суперніка з лікам 4:0. Узначальваюць турнірную табліцу барысаўскі БАТЭ і „Шахцёр” , якія маюць па 37 ачкоў, на трэцім месцы «Нёман», у якога 34 балы, але гульня ў запасе.

„Кіраўск-СДЮШАР” упершыню стаў чэмпіёнам Беларусі па пляжным футболе

Спартоўцы „Кіраўска-СДЮШАР” упершыню сталі чэмпіёнамі Беларусі па пляжным футболе. У вырашальнай серыі за залатыя медалі 13-га нацыянальнага першынства кіраўчане двойчы перайгралі ў Шчучыне супернікаў з „Гародняаблспорта” – 3:2 і 4:1. Такім чынам, кіраўская дружына перапыніла двухгадовую гегемонію гарадзенскіх спартоўцаў.

У серыі за бронзавыя ўзнагароды футбалісты „Берасця” адолелі супернікаў са „Шчучына” – 5:6, 8:7 (у серыі пенальці) і 6:3.

Форвард «Шахцёра» Лісаковіч пераходзіць у маскоўскі «Лакаматыў»

Адзін з лепшых бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі, футбаліст салігорскага «Шахцёра» Віталь Лісаковіч пяройдзе ў маскоўскі «Лакаматыў». Пра гэта ў жывым эфіры тэлеканала Беларускай федэрацыі футбола са спасылкай на крыніцу ў клубе распавёў каментатар матчу «гарнякоў» супраць «Смалявічаў». Лісаковіч застаўся на лаўцы запасных у гэтым матчы, нібыта агент папрасіў гульца спаслацца на траўму, каб не выйсці на поле. Віталь разам з Джасурбекам Яхшыбоевым з’яўляюцца лепшымі бамбардзірамі чэмпіянату, абодва маюць па 13 балаў, але ва ўзбека 10 забітых галоў супраць 9 у Лісаковіча. Чуткі аб пераходзе 22-гадовага беларуса ў больш моцны чэмпіянат хадзілі даўно, а трэнер каманды Юрый Вернідуб раіў гульцу пакуль не спяшацца з пераходам.

„МЮ” і „Чэлсі” дамагліся перамог і выступяць у Лізе чэмпіёнаў

У заключным, 38-м туры чэмпіянату Англіі „Манчэстар Юнайтэд” у гасцях перамог „Лестэр” – 2:0, а „Чэлсі” з такім жа лікам перамог „Вулверхэмптан”. Такім чынам, манкуніянцы і „сінія” занялі 3-е і 4-е месцы ў турнірнай табліцы, адпаведна, і заваявалі пуцёўкі ў Лігу чэмпіёнаў. „Лестэр” заняў 5-е месца і згуляе ў Лізе Еўропы. Таксама ў другі па значнасці еўрапейскі турнір прабіўся „Тотэнхэм”, які згуляў у гасцях унічыю з „Крыстал Пэлас” 1:1. „Шпоры” набралі аднолькавую колькасць ачкоў з „Вулверхэмптанам”, але абышлі „ваўкоў” за кошт лепшай розніцы мячоў. Трэцяя пуцёўка ў Лігу Еўропы залежыць ад Кубка Англіі. Калі ў фінале „Арсенал” пераможа „Чэлсі”, то забяспечыць сабе выступ у групавым раўндзе Лігі Еўропы, калі не, у ЛЕ адправіцца „Вулверхэмптан”.

Канадскі форвард Роб Клінкхамер падпісаў аднагадовы кантракт з «Дынама»

Роб правёў шэсць сезонаў у НХЛ: за гэты час ён згуляў у 193 матчах, у якіх набраў 43 (22 + 21) ачкі. Паралельна з гэтым Клінкхамер выступаў у АХЛ: 423 матчы, 236 (96 + 140) ачкоў. Форвард добра знаёмы заўзятарам „зуброў” – ён правёў у «Дынама» паспяховы сезон-2016/17, а ў пачатку наступнага перайшоў у «Ак Барс». У «Дынама» форвард згуляў у 59 матчах рэгуляркі і плэй-оф, у якіх набраў 44 (23 + 23) ачкі.

Тры наступныя сезоны форвард правёў у «Ак Барсе» і «Авангардзе». У складзе казанскай каманды Роб згуляў 122 матчы і набраў 53 (30 + 23) ачкі. За «Авангард» Клінкхамер выступаў у сезоне 2019/2020. Яго здабытак склаў 44 матчы і 27 (12 + 15) ачкоў.

Таццяна Шаракова выйграла групавую гонку на чэмпіянаце Беларусі па веласпорце на шашы

Прадстаўніца каманды Віцебскай вобласці Таццяна Шаракова выйграла групавую гонку на 114 км сярод жанчын на чэмпіянаце Беларусі па веласпорце на шашы, які завяршыўся ў Гомельскай вобласці. Перамогу спартоўцы прынёс фінішны спурт, дзякуючы якому яна апярэдзіла Насту Колесаву з дружыны Магілёўскай вобласці. Акрамя срэбра ў стартах дарослых спартовак яна выйграла ўзнагароду вышэйшай пробы ў стартах дзяўчат да 23 гадоў. Спартовец з дружыны Берасцейскай вобласці Яўген Собаль выйграў групавую гонку на 174 км сярод мужчын.

Беларускае Радыё Рацыя