Жодзінскія тарпедаўцы вярнуліся на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” вярнуліся на трэцюю пазіцыю ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Аўтазаводцы ва ўпартым супрацьстаянні на полі барысаўскага гарадскога стадыёна адолелі сталічны „Энергетык-БДУ” – 2:1. Пасля гэтай перамогі падначаленыя Дзмітрыя Молаша набралі 46 ачкоў, абышоўшы „Іслач” і БАТЭ, у якіх па 44 балы. Футбалісты барысаўскага БАТЭ з лікам 7:0 разграмілі „Нафтан” у гасцявым паядынку. Па галявому дублю аформілі Дзяніс Лапцеў і Арцём Канцавы. „Мінск” адолеў „Белшыну” на фінішы 28-га тура з лікам 2:1.
Шкурын забіў пераможны мяч у чэмпіянаце Польшчы
У матчы 15-га тура чэмпіянату Польшчы «Сталь» – «Гурнік, які завяршыўся з лікам 2:1, беларускі форвард Ілля Шкурын адзначыўся голам і тым самым дапамог «Сталі» перамагчы. Варта адзначыць, што амаль увесь другі тайм каманда беларуса гуляла ў меншасці, але гэта не перашкодзіла дамагчыся поспеху. У гэтым сезоне Шкурын адзначыўся пяццю галамі і пяццю галявымі перадачамі.
„Вітэн” святкаваў шостую перамогу запар у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” працягнуў пераможную серыю ў паядынках чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Аршанская каманда пасля двух стартавых паразаў святкавала шостую вікторыю запар, разграміўшы на сваёй пляцоўцы „Мінск” з лікам 8:2. У другім матчы спартоўцы сталічнага клуба „Ахова-Дынама” выйгралі ў гасцей з берасцейскага „Меркурыя-ДМК” з сухім лікам 5:0. Раней дзеючыя чэмпіёны краіны спартоўцы „Сталіцы” замацаваліся на першым месцы, упэўнена абыграўшы на сваёй арэне гарадзенскае „УУС-Дынама” – 5:1.
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі аднаклубнікам з Масквы
Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі паразу ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У чацвёртай гульні бягучай хатняй серыі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага прымалі лідара Заходняй канферэнцыі маскоўскае „Дынама”, але ў заключнай дваццаціхвілінцы былы менскі дынамавец Брэнан Менэн прынёс перамогу маскоўскай камандзе лікам 2:1. Такім чынам, „зубры” перапынілі серыю з трох матчаў з набранымі ачкамі. На гэты момант мінчане з 32 баламі займаюць пятае месца ў Заходняй канферэнцыі. Наступны паядынак у рамках хатняй серыі „Дынама” правядзе заўтра супраць магнітагорскага „Металурга”, які ідзе другім на Усходзе.
„Менск” прайграў дзявяты матч у Лізе ВТБ
Баскетбалісты „Менска” зноў прайгралі ў рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Сваё дзявятае фіяска запар падначаленыя Расціслава Вергуна пацярпелі ў Маскве ад МБА – 54:84. Самымі выніковымі ў складзе мінчан сталі Іван Аладка і Джарэд Агунгбемі-Джэксан, якія набралі па 9 ачкоў. Свой наступны паядынак чэмпіёны Беларусі правядуць 15 лістапада ў гасцях у баскетбалістаў „Астаны”.
Беларускае Радыё Рацыя