Жорсткае фіяска Аргенціны
Праграму чацвярга адкрылі дружыны Даніі і Аўстраліі. Больш рэйтынгавыя еўрапейцы ў дэбюце валодалі ініцыятывай. Бадай даўно дацкае каралеўства не мела такой перспектыўнай генерацыі гульцоў як зараз Магчыма, з эпохі 1984-1992 гадоў. Плёнам настойлівасці скандынаваў стала элегантная камбінацыя, якую неадхільным стрэлам пад папярэчыну завяршыў форвард Крысціян Эрыксэн (80-ы матч за зборную – 23-і гол). Варта пры тым адзначыць і асістэнцкі арыгінальны пас Мікалая Ёргенсена.
Пасля гэтага ініцыятыву выразна перахапілі пасланцы Зялёнага кантыненту. Саступаючы супернікам у гучнасці імён, аўстралійцы не камплексавалі, а працягвалі выкладаць свае аргументы на полі. Галяндскі рулявы Берт ван Марвейк падрыхтаваў да турніру дастаткова баяздольны калектыў.
Другі матч запар “соккеруз” адыграліся з пенальці. Што цікава, зноў не абыйшлося без прагляду “кіно”. Адзначым, дзеля справядлівасці, што парушэнне ў штрафной сапраўды было. Адзін з лепшых пенальтыстаў сучаснасці Міле Едынак упэўнена перахітрыў Каспара Шмейхеля.
У другім тайме дзеянні каманд нагадвалі перацягванне каната. Больш настойлівымі былі аўстралійцы, але значных падзей больш не здарылася.
Данія – Аўстралія – 1:1 (К. Эрыксэн, 7 хв.; Едынак, 38 хв., з пенальці)
Францыя – адзіная з фаварытаў турніру, што дамаглася ў першым туры вікторыі. У разе перамогі над перуанцамі, “трохкаляровыя” датэрмінова маглі забяспечыць выхад у плэй-оф. Перу мы не бачылі на мундыялях ажно з далёкага 1982 года. “Інкі” у паядынку з віцэ-чэмпіёнамі Еўропы рабілі ўсё, што ад іх залежала, клаліся касцьмі, але забіць хоць раз так і не здолелі. У французаў чарговы невыразны матч правёў Поль Пагба. А вось фактурны нападнік Аліўе Жыру дзеіў вельмі прадуктыўна. Менавіта яго змаганне за мяч прывяло да адзінага гола ў сустрэчы – Кіліян Мбапе загнаў шпуляк ужо ў пустую браму. Форвард ПСЖ стаў сама маладым прадстаўніком сваёй дружыны ў гісторыі, якія забівалі на мундыялі. Далей французы як дасведчаныя баксёры перайшлі да ўтрымання сваёй перавагі і ўпэўнена давялі сустрэчу да лагічнага зыходу. Такім чынам “трохкаляровыя” выйшлі ў плэй-оф.
Францыя – Перу – 1:0 (Мбапе, 34 хв.)
Становішча ў групе “С”: 1. Францыя – 6 ачкоў, 2. Данія – 4, 3. Аўстралія – 1, 4. Перу – 0.
У паядынку Аргенціна-Харватыя трымаўся надзвычай высокі градус напругі. Сустрэча была цікавай спаборам аднаклубнікаў – барселонцаў Месі і Ракіціча. Чакалася і турынскае “дэрбі”, але калі харвацкі прадстаўнік “Ювентуса” Марыё Манджукіч мае цвёрдае месца ў складзе, то аргенцінскі рулявы Хорхе Сампаолі Гансала Ігуаіну і Паулу Дзібалу не асабліва давярае.
У пачатку гульні выскачыў сам насам з галкіперам Іван Перышыч – Вілі Кабальера нейтралізаваў пагрозу. Далей больш ініцыятывай валодалі аргенцінцы, а харваты рэзонна зрабілі акцэнт на контратакі. Пры тым наглуха заблакаваўшы Ліанеля Месі.
На 53–й хвіліне брамнік “альбіселестэ” дапусціў дзіцячую памылку, махнуўшы нагой міма мяча – нападнік шашачных Антэ Рэбіч канешне скарыстаўся такім шчодрым падарункам. А многія з прыкрасцю ўспомнілі, што асноўны вартаўнік брамы Аргенціны Серхіё Рамера з-за траўмы не прыехаў на турнір. Памкненні віцэ-чэмпіёнаў свету адыграцца былі надзвычай акадэмічнымі і згасалі ў абарончых бастыёнах балканцаў.
На 80-й хвіліне Лука Модрыч далёкім стрэлам паўторна шакаваў усіх заўзятараў Аргенціны. Дабіў паўднёваамерыканцаў Іван Ракіціч.
Аргенціна-Харватыя – 0:3 (Рэбіч, 53, Модрыч, 80, Ракіціч, 90+2)
Такім чынам Харватыя набрала 6 ачкоў і датэрмінова выйшла ў 1/8-ю фіналу.
У пятніцу можа значна праясніцца сітуацыя ў групе “Е”. А 15-й гадзіне ў Пецярбургу выйдуць на поле зборныя Бразіліі і Коста-Рыкі. Цэнтральнаамерыканцы, здаецца, вычарпалі ліміт сенсацый яшчэ на мінулым чэмпіянаце. Бразілія тут мае цвёрды намер дамагчыся вікторыі.
У Калінінградзе позна ўвечары (21.00) пазмагаюцца дзве еўрапейскія каманды з гэтага ж квартэту – Сербія і Швайцарыя. Больш атлетычным славянам будзе ня проста супраць інтэрнацыянальнай і тэхнічнай каманды “крыжакоў”. Дадатковая цікавостка – швайцарскі легіён трэніруе прадстаўнік Босніі Уладзімір Петкавіч.
Паміж гэтымі гульнямі будуць разбірацца на стадыёне ў Валгаградзе (18.00) дружыны групы “D” – зусім адрозныя паводле стылю і менталітэту Ісляндыя і Нігерыя. Стаўкі для дэбютантаў мундыялю – вікінгаў – надзвычай высокія – у разе перамогі яны зробяць важкую заяўку на выхад у плэй-оф. Афрыканцам тры ачкі яшчэ больш патрэбныя.
Беларускае Радыё Рацыя