Жук – 13-ы, Дубіцкая – 6-я, астатнія ў фіналы не кваліфікаваліся



Беларускі дзесяціборац Віталь Жук заняў 13-е месца на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Досе. Пасля першага дня спаборніцтваў Віталь займаў 17-ю пазіцыю ў прамежкавым пратаколе. Правёўшы на добрым узроўні бег на 110 м з бар’ерамі, кіданне дыска, скачок з шастом, кіданне дзіды і бег на 1500 м, лёгкаатлет перамясціўся на выніковае 13-е месца з сумай 8058 ачкоў. Алёна Дубіцкая заняла 6-е месца ў фінальных стартах штурхальніц ядра. У трэцяй, сваёй лепшай спробе Алёна паказала вынік 18 метраў 86 сантыметраў. Выйграла спаборніцтвы кітаянка Гун Ліцзян з вынікам 19 м 55 см. Дар’я Барысевіч не прабілася ў фінал у бегу на 1500 м. У сваім забегу яна паказала 9-ы вынік – 4 хвіліны 17,04 сек. Ірына Васькоўская не змагла кваліфікавацца ў вырашальную стадыю спаборніцтваў у трайным скачку. У лепшай спробе Ірына Васькоўская паляцела на 13 метраў 67 сантыметраў, чаго было мала, каб трапіць у фінал. Кваліфікацыйны нарматыў складаў 14 м 30 см.

БГК прайграў «Металапластыку» у SEHA-лігі

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова пацярпеў другую паразу ў новым сезоне SEHA-лігі. У матчы 3-га тура папярэдняй групы В чэмпіёны Беларусі гулялі ў Сербіі з клубам „Металапластыка” і саступілі з лікам 33:35. Свой наступны матч берасцейцы правядуць заўтра ў гасцях у вугорскага „Веспрэма”.

ЦСКА Ганчарэнкі прайграў «Эспаньёлу»

Маскоўскі ЦСКА, якім кіруе беларускі трэнер Віктар Ганчарэнка, прайграў у другім туры Лігі Еўропы «Эспаньёлу» – 0:2. Гэта ўжо другая параза ЦСКА ў турніры. У першым туры армейцы былі бітыя ў гасцях «Лудагорцам» – 1:5. Другую паразу пацярпеў і яшчэ адзін расейскі клуб – «Краснадар». Кубанская каманда саступіла іншай іспанскай камандзе – «Хетафе» – 1:2. Беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч правёў увесь матч. Казахстанская «Астана» саступіла на сваім полі сербскаму «Партызану» – 1:2. Іван Маеўскі адыграў усе 90 хвілін. З іншых вынікаў адзначыў разгром „Арсеналам” „Стандарда” 4:0 і нічыю кіеўскага „Дынама” са швейцарскім „Лугана” 0:0.

«Зубры» адолелі «Трактар» на «Менск-Арэне»

Хакеісты менскага „Дынама” дамагліся перамогі ў другім матчы хатняй серыі чэмпіянату КХЛ над чалябінскім „Трактарам”. Ужо на пятай хвіліне матчу абаронца „Трактара” Дзмітрый Калінін ў сваёй зоне прамазаў па шайбе, якую падхапіў малады нападнік „зуброў” Ілля Казьянін і закінуў у брамку апанентаў. Літаральна хвіліна спатрэбілася яго партнёру па камандзе форварду Андрэю Сцяпанаву, каб замацаваць поспех – 2:0.

У другой дваццаціхвілінцы госці закінулі шайбу ў адказ, але за тым меньш за хвіліну спатрэбілася „зубрам”, каб дадаць ў ліку, чарговую шайбу закінуў абаронца Марк-Андрэ Граньяні. Павялічыў адрыў яго партнёр па камандзе нападнік Франсіс Парэ. Трэці перыяд склаўся не лепшым чынам для менчукоў, дзве шайбы закінулі нападнікм „Трактара” скараціўшы лік да 4:3. Нападнік менскага „Дынама” Шэйн Прынс на апошніх секундах паставіў кропку ў матчы — 5:3. Гэта другая вікторыя „зуброў” на хатняй арэне. Наступны паядынак каманда Вудкрафта правядзе 6 кастрычніка супраць казанскага „Ак Барса”.

«Дынама-Маладзечна» выйшла ў лідары экстралігі

Хакеісты „Дынама-Маладзечна” і жлобінскага „Металурга” ўпэўнена перайгралі супернікаў у матчах чэмпіянату Беларусі. Дзякуючы перамозе з лікам 4: 2 „зубры” вярнуліся на вяршыню турнірнай табліцы экстралігі А. Сапраўднай сенсацыяй завяршыўся паядынак у Жлобіне, дзе мясцовы „Металург” перапыніў шасціматчавую пераможную серыю салігорскага „Шахцёра”- 5:1.

Беларускае Радыё Рацыя