Жук усталявала рэкорд Беларусі ў скачках з шостам



Ірына Жук падчас чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы ўсталявала рэкорд краіны ў скачках з шостам, выканаўшы нарматыў на Алімпійскія гульні 2020 года ў Токіо. Спаборніцтвы праходзяць на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». З другой спробы Ірына Жук узяла вышыню 4 м 70 см. Папярэдні рэкорд (4 м 67 см) таксама належыць ёй.

У бегу на 100 м Крысціна Ціманоўская паказала лепшы вынік у сезоне (11,23 секунды) і выканала нарматыў на чэмпіянат свету. Анастасія Мірончык-Іванова заваявала залатую ўзнагароду ў скачках у даўжыню. Яна паказала вынік 6 метраў 66 сантыметраў. Спартоўка адзначыла, што такім вынікам яна незадаволеная.

Кебікава выйграла медаль чэмпіянату Еўропы па боксе

Беларуска Вікторыя Кебікава, якая выступае ў вагавой катэгорыі 81 кг, выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы па боксе і гарантавала сабе найменш срэбраны медаль кантынентальнага форуму, які праходзіць у іспанскім Алькабендасе. У паўфінале беларуска ўпэўнена перамагла расейку Ганну Іванову. Сёння Вікторыя Кебікава паспрабуе заваяваць залаты медаль чэмпіянату Еўропы. Яе партнёрка па камандзе Юлія Апанасовіч (у вазе 54 кг) у матчы за выхад у фінал прайграла расеянцы Карыне Тазабекавай 1:4 і стала бронзавым прызёрам кантынентальнага форуму.

Свірыд і Мукетэ не выйшлі ў фіналы чэмпіянату свету па дзюдо

Беларускія атлеты Мікіта Свірыд і Даніэл Мукетэ, якія выступаюць у вагавай катэгорыі 100 кг, выбылі з медалёвай гонкі чэмпіянату свету па дзюдо, які праходзіць у Токіо. Мікіта Свірыд у трэцім паядынку прайграў дзюдаісту з Японіі Аарану Вольфу, скончыўшы свой выступ на сусветным форуме. Беларус Даніэл Мукете саступіў у першай сутычцы азербайджанцу Эльмару Гасымаву. За ўзнагароды сусветнага форуму сёння пазмагаюцца мужчыны ў вагавай катэгорыі звыш 100 кг і жанчыны – звыш 78 кг. Беларускую зборную ў гэты дзень прадставяць Аляксандр Вахавяк і Уладзіслаў Цярпіцкі. У дзяўчат на татамі выйдзе лідэр зборнай Марына Слуцкая.

Тры беларускія тэнісісткі паспяхова стартавалі ў парным разрадзе US Open.

Арына Сабаленка разам з бельгійкай Элізэ Мёртэнс абыграла расейку Ганну Блінкову і кітаянку Яфань Ван – 6:3, 6:4. Аляксандра Сасновіч і славачка Вікторыя Кужмава ўзялі верх над бельгійкай Кірстэн Фліпкенс і шведкай Юханай Ларсан – 6:0, 6:4. Лідзія Марозава і славенка Катарына Срэбатнік саступілі канадска-кітайскаму тандэму Габрыэла Даброўскі / Іфань Сюй – 5:7, 4:6. Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці абыгралі расейска-румынскі дуэт Маргарыта Гаспаран / Моніка Нікулеску 4:6, 6:1, 6:1.

«Юнацтва» перамог «Лазану» у першым матчы Лігі чэмпіёнаў

Чэмпіён Беларусі менскае «Юнацтва» з перамогі стартавала ў групавым этапе хакейнай Лігі чэмпіёнаў. Падначаленыя Міхаіла Захарава ў першым туры папярэдняй групы D на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» у авертайме адолелі швейцарскую «Лазану» – 3:2. Лёс паядынку вырашаўся ў дадатковай пяціхвілінцы. На трэцяй хвіліне авертайма вырашальную шайбу ў брамку гасцей закінуў дасведчаны абаронца Андрэй Антонаў.

«Гарадзея» перамагла «Дняпро-МГЗ» 3:2

У першым матчы 20-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе «Гарадзея» перамагла «Дняпро-МГЗ». Пры нічыйным ліку 2:2 вырашальны гол на 83-й хвіліне гульні забіў сербскі нападнік «Гарадзеі» Лазар Сайчыч.

Што тычыцца гульні паміж «Тарпеда» і «Тарпеда-БелАЗам», то на днях федэрацыя футбола прыняла рашэнне залічыць менчукам ва ўсіх гульнях паразу з лікам 0:3. Сёння лідэр першынства берасцейскае «Дынама» згуляе ў гасцях у мазырскай «Славіі». Таксама ў апошні дзень лета футбалісты «Слуцка» прымуць на сваім полі гасцей з «Віцебска», а «Гомель» будзе супернічаць з «Іслаччу».

Трэцяя запар перамога «Ягелоніі»

Беластоцкая «Ягелонія» святкавала трэцюю перамогу запар у польскай экстракласе. У пятнічным матчы 7-га тура «жоўта-чырвоныя» перамаглі ў Кельцэ мясцовую «Карону» 2:0, а галы за «Ягу» забілі Іван Рунье і Хесус Імаз. Дзякуючы гэтай перамозе «Ягелонія» замацавалася ў першай тройцы, а да нядзелі яшчэ і будзе займаць першы радок турнірнай табліцы. Наступны матч каманда Ірэніўша Мамрота згуляе ўжо пасля перапынку на матчы зборных 13 верасня ў Беластоку супраць варшаўскай «Легіі».

«РБ Лейпцыг» стаў лідарам Бундэслігі

«РБ Лейпцыг» з лікам 3:1 абыграў мёнхенгладбахскую «Барусію» у матчы 3-га тура чэмпіянату Нямеччыны. Героем сустрэчы стаў форвард гасцей Ціма Вернэр, які зрабіў хет-трык. З 9 ачкамі «РБ Лейпцыг» узначаліў турнірную табліцу Бундэслігі. «Барусія» займае 7-е месца з 4 ачкамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя