Журналіст і футбаліст Івулін прызнаны палітвязнем



Аляксандр Івулін прызнаны палітвязнем. Гэта журналіст спартыўнага сайта by.tribuna.com і футбаліст клуба першай лігі „Крумкачы” (Менск).

3 чэрвеня Івулін быў затрыманы ў сваёй кватэры і на наступны дзень арыштаваны на 30 сутак за бел-чырвона-белы сцяг у акне. Журналіст не пагадзіўся з абвінавачаннем, заявіўшы, што пры вобшуку кватэры сілавікамі сцяга не было.

За суткі да заканчэння тэрміну адміністрацыйнага арышту, у Міжнародны дзень спартыўнага журналіста, стала вядома, што Івулін падазраецца па крымінальным артыкуле (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Тэрмін яго ўтрымання пад вартай працягнуты да 12 ліпеня. На працягу гэтага часу журналісту павінны выставіць абвінавачанне і вызначыць меру стрымання, альбо ён выйдзе на волю.

У снежні мінулага года Івулін быў аштрафаваны на 810 рублёў па абвінавачанні ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 15 лістапада. Разам з Івуліным праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох чалавек: Данііла Калеснікава (няпоўнагадовы), Максіма Жарава, Іллю Толкача (усе праходзяць па тым жа крымінальным артыкуле, што і Івулін) і Руслана Волкава (па артыкуле «масавыя беспарадкі»). Такім чынам, агульная колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 534.

Беларускае Радыё Рацыя