Жусцін Брэза выйграла індывідуальную гонку ў Эстэрсундзе



Французская спартоўка Жусцін Брэза перамагла ў індывідуальнай гонцы на першым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у шведскім Эстэрсундзе. Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2018 году ў эстафеце пераадолела 15-кіламетровую дыстанцыю за 42 хвіліны 35,1 секунды. Другі вынік паказала ўкраінка Юлія Джыма, якая саступіла пераможцы 11 секунд. Трэцяй стала яшчэ адна французская біятланістка Жулі Сымон. Беларуска Дынара Алімбекава стала 33-й, Ірына Крыўко – 45-й. 58-я пазіцыя ў Алены Кручынкінай, яе сястра Ірына размясцілася на 69-м радку выніковага пратаколу.

„Юнацтва” абыграла „Шахцёр”

Завяршыліся чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па хакеі.

Сталічнае „Юнацтва” абыграла на выездзе салігорскі „Шахцёр” 2:1. Гарадзенскі «Нёман» у авертайме саступіў у гасцях «Дынама-Маладзечна» 4:5. «Гомель» на хатняй арэне прайграў «Металургу» – 2:5 , а «Бабруйск» у авертайме адолеў «Віцебск» – 2:1.

Анастасія Шкурдай стала пятай на 50 м батэрфляем у Глазга

Беларуская плыўчыха Анастасія Шкурдай заняла пятае месца на дыстанцыі 50 м батэрфляем на чэмпіянаце Еўропы па плаванні на кароткай вадзе, які праходзіць у Глазга. Берасцейка пераадолела дыстанцыю за 25,28 секунды. Першай кранула борціка басейна францужанка Мелані Энік – 24,56 секунды. Ілья Шымановіч заняў шостае месца на дыстанцыі 200 метраў брасам. У змяшанай эстафеце беларуская каманда ў складзе Віктара Стасяловіча, Іллі Шымановіча, Анастасіі Шкурдай і Анастасіі Каракоўскай заняла чацвёртае месца.

«Рух» вырваў перамогу ў «Дняпро-МГЗ»

У Берасці на стадыёне «Юнацтва» прайшоў першы стыкавы матч за права згуляць у вышэйшай лізе беларускага футбола ў 2020 годзе. У ім «Рух», які стаў трэцім у першай лізе прымаў «Дняпро-МГЗ», які заняў 14-е месца ў «вышцы». Гаспадары абыгралі суперніка з лікам 2:1. Маразоў аформіў дубль. Другі матч адбудзецца ў Магілёве 8 снежня на стадыёне «Спартак» і пачнецца ў 14.00.

Навагоднюю елку ў Берасці ўпрыгожаць мячом

Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук вітаў футбалістаў мясцовага „Дынама” і распавёў, што елка ў горадзе будзе ўпрыгожаная мячом.

„Навагоднюю елку на цэнтральнай плошчы Берасця сёлета ўпрыгожыць … футбольны мяч! Такога няма нідзе”, – цытуе Рагачука „Вячэрні Брэст”.

Беларускае Радыё Рацыя