„Зубры” аптымістычна скончылі год



У чэмпіянаце КХЛ у заключнай сустрэчы 2018 года менскае „Дынама” на выездзе перамагло яраслаўскі „Лакаматыў” з сухім лікам 3:0.

Каманда Андрэя Сідарэнкі дамаглася вікторыі ў змаганні з адным з фаварытаў Заходняй канферэнцыі – да гэтага матчу „Лакаматыў” ішоў на 4-м месцы і меў ачкоў у два разы больш, чым  менскае „Дынама”.

„Бела-блакітныя” закінулі сваю першую шайбу ў матчы на 16-й хвіліне – вызначыўся Аляксей Цярэшчанка. У другім перыядзе Аляксандр Кагалёў павялічыў перавагу гасцей. А ў самым пачатку трэцяга адрэзку гульні эфектна завяршыў хуткі адрыў Андрэй Касціцын.

У менскага „Дынама” стала 30 набраных ачкоў, беларускі клуб займае 10-е месца з 12-ці ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Да зоны плэй-оф па-ранейшаму вельмі далёка – ажно 13 пунктаў.

Беларускае Радыё Рацыя