„Зубры” перакулілі тальяцінскую „Ладу”



Хакейнае менскае „Дынама” дамаглося чарговай вікторыі ў розыгрышы КХЛ. У сераду бела-блакітныя знялі чарговы „скальп” у час выязднога турнэ па расейскіх прасторах.

У Тальяці менскае „Дынама” цягам гульні з мясцовай „Ладай” двойчы саступала ў ліку, але адыгрывался пасля трапных кідкоў сваіх легіянераў – Роба Клінкхамера на 36-й хвіліне і Мэта Элісана на 48-й. Асабліва прыгожы гол удаўся канадскаму форварду – Элісан вытрымаў гросмайстарскую паўзу і даслаў шайбу пад планку. А перамогу „зубрам” прынёс не менш эфектны стрэл Аляксандра Мацярухіна, калі дынамаўцы рэалізавалі колькасную большасць. Перад гэтым ад грубага прыёму пацяреў менавіта Маццярухін.

Такім чынам 3:2 на карысць менскага „Дынама” – чарговая, ужо трэцяя валявая вікторыя запар (!) беларускага клубу на расейскіх пляцоўках і чацвёртая запар увогуле. Пасля 11 гульняў дынамаўцы набралі 22 ачкі і нарэшце ўвайшлі ў зону плэй-оф Заходняй канферэнцыі. Беларуская каманда займае зараз 7-е месца, а па страчаных пунктах дзеліць 3-ю-4-ю пазіцыю.

Беларускае Радыё Рацыя