„Зубры” прапяСочылі „леапардаў”
Хакейнае менскае „Дынама” апошнія два матчы хатняй серыі правяло з расейскімі камандамі, якія вышэй яго ў турнірнай табліцы. У папярэднім паядынку з бела-блакітнымі здарыўся пэўны канфуз – выйграючы з лікам 2:0 ў ніжнегародскага „Тарпеда” за 2 хвіліны да канца сустрэчы, гаспадары лёду дапусцілі недарэчныя памылкі і дазволілі супернікам параўняць лік. Пасля, зрэшты, дынамаўцы ўсё ж дамагліся вікторыі, выграўшы па булітах – 3:2. Але прыкрасць засталася гарчыць.
У чарговым матчы, які прайшоў 23 кастрычніка, „зубры” прымалі хакейны клуб „Сочы”. „Леапарды” – адны з сама нязручных апанетаў для беларускай каманды ў КХЛ. Але на гэты раз падначаленыя трэнера Крэйга Вудфарта ўзяліся за справу па-сапраўднаму. У першым перыядзе „зубры” двойчы тарпедавалі браму суперніка – на 12-й хвіліне Мэт Элісан удала скарыстаўся пасам Артура Гаўруса, а на 19-й Роб Клінкхамер рэалізаваў колькасную большасць, што ў дынамаўцаў апошнім часам ня вельмі ладзілася. У другім перыядзе Артур Гаўрус і Клінкхамер у меншасці (улюбёная справа форварда ў бягучым сезоне) давялі лік да буйнага – 4:0.
У заключнай траціне матчу гасцям удалося рэалізаваць колькасную бальшыню і закінуць шайбу ў браму Бена Скрывенса. А ў канцоўцы ўжо дынамаўцы пакаралі суперніка за парушэнне правілаў – „лішняга” палявога рэалізаваў Клінкхаммер – ёсьць хет-трык канадскага нападніка! Госці паспелі толькі скараціць розніцу ў ліку. Выніковыя 5:2 на карысць „Дынама”.
Пасля 22 праведзеных матчаў дынамаўцы набралі 40 ачкоў і ўзняліся на 6-е месца Заходняй канферэнцыі КХЛ. Ад сочынскай каманды ў канферэнцыі менская каманда адстае зараз толькі на 2 ачкі, але мае ажно тры сустрэчы ў запасе.
Беларускае Радыё Рацыя