„Зубры” саступілі „мядзведзям”
Хакейнае менскае „Дынама” ніяк ня можа выбрацца з зацяжнога крызісу. У чарговым матчы Кантынентальнай Хакейнай Лігі бела-блакітныя няўдала пачалі выязны рэйд, саступіўшы ў гасцях заграбскаму „Медвешчаку” – 1:4.
Асноўныя падзеі гульні разгарнуліся ў першым перыядзе. Ужо на 13-й хвіліне гаспадары былі наперадзе 2:0. На 17-й хвіліне нападнік „зуброў” Сяргей Касціцын скараціў розніцу. Другая траціна гульнёвага часу галоў не прынесла. Дынамаўцы няўдала дзеілі ў колькаснай бальшыні. А ў трэцім перыядзе за пяць хвілін да сірэны харвацкі клуб замацаваў сваю перавагу, а пасля дабіў суперніка, даслаўшы шайбу ўжо ў пустую брамку – выніковыя 4:1.
Менскае „Дынама” зараз выляцела за межы зоны плэй-оф. У Заходняй канферэнцыі яно займае толькі 9-е месца.