„Зубры” удала наведаліся ў Рыгу



У чарговым матчы розыгрышу КХЛ менскае „Дынама” удала наведалася ў госці да рыжскага аднайменнага клубу. У сталіцы Латвіі каманда з Беларусі ўпэўнена перамагла – 4:1. На гэты раз асноўны ўнёсак у пераможны вынік зрабілі не легіянеры, а беларусы.

„Зубры” двойчы вызначыліся цягам 7-й хвіліны сустрэчы – шайбы на рахунку Аляксандра Мацярухіна (у бальшыні) і Аляксандра Паўловіча.  У другім перыядзе перавагу гасцей замацавалі Мікіта Камароў і Яўген Лісавец ( у бальшыні). Усё, на што сталіся здольныя ў гэты дзень гаспадары пляцоўкі, – закінуць у трэцім перыядзе шайбу прэстыжу.

Менскае „Дынама” мае зараз 54 ачкі і займае 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Па страчаных пунктах „бела-блакітныя” на пятай пазіцыі. А па колькасці закінутых шайбаў „зубры” трымаюць трэці вынік сярод каманд канферэнцыі.

Беларускае Радыё Рацыя