З’явілася дзіцячая версія гімна футбольнага клуба “Крумкачы”



Удзельнікі прафесійнага гуртка для дзяцей “Асоба” разам з музыкамі гурта Re1ikt запісалі новую версію кампазіцыі “Разам!” – афіцыйнага гімна футбольнага клуба “Крумкачы”.

„Песню „Разам!” спяваюць заўзятары на стадыёнах, мы выконваем яе на акустычных і электрычных канцэртах. І ў межах гэтага праекту песня атрымала новае ўвасабленне. У каго можа быць яшчэ больш энергіі, як ні ў дзяцей? А гэтая песня пра спорт, пра гульню, пра яднанне, пра каманду – хіба гэта не найлепшы шлях даць ёй новае гучанне, новае жыццё? Аздобіць песню музыкай, якую выконвалі такія цудоўныя дзеці – найлепшы і найцікавейшы музычны досвед для нас і самы лагічны працяг для песні”, – кажа лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.

Твор быў адмыслова перааранжыраваны, каб кожны з маленькіх выканаўцаў змог прадэманстраваць сваё майстэрства менавіта на тым інструменце, якім валодае. Такім чынам спартовы гімн узбагацілі флейта, скрыпка, клавішы, цымбалы, а таксама дадаліся гітара і цэлы хор юных спевакоў. Адметна, што запісаць кампазіцыю пад кіраўніцтвам Аляксандра Дземідзенкі і гітарыста Re1ikt Віталя Макшуна дзеці змаглі цягам аднаго дню. Апроч таго, удзельнікі праекту выступілі не толькі ў якасці музыкаў, але і гукарэжысёраў.

Гэта ўжо далёка не першы рэалізаваны праект гуртка “Асоба”. Ягоны арганізатар і заснавальнік Мікалай Ханін заўсёды імкнецца даць магчымасць удзельнікам не проста дазнацца пра розныя прафесіі, але і засвоіць іх. Напрыклад, калі дзеці гатуюць або спрабуюць сябе ў ролі афіцыянтаў, то гэта робіцца ў кафэ, а ў ролі візажыстаў адпаведна – у салоне прыгажосці, бо гэтая рэалістычнасць больш уцягвае малечу ў працэс і робіць яго па-сапраўднаму атмасферным для удзельнікаў.

“Неяк узнікла думка, што дзецям было б цікава паспрабаваць сябе ў ролі гукарэжысёраў. Думаю, не ў апошнюю чаргу праз тое, што ў самога даўно была мара пабываць у студыі. Дзеці былі ў захапленні! У той час, пакуль адны запісвалі свае партыі, іншыя сядзелі за пультам і кіравалі працэсам запісу. Рабілі гэта вельмі якасна і прафесійна, прызнаюся, я не чакаў такога”, – адзначыў Мікалай.

У выніку пасля звядзення і майстарынгу трэка на Everest Studio, дзе і адбываўся запіс, з’явілася новая версія крумкачоўскага гімну, у якой прынялі ўдзел маладыя таленты Мірон Вітушка, Карына Алёхіна, Фёдар Капітанаў, Любаміра, Ясенія і Рагнед Лагвіненкі, Арына Хлус, а таксама Івона і Піліп Харланчукі-Южаковы.

Гімн “Разам!” з’явіўся год таму і быў упершыню выкананы гуртом Re1ikt падчас матчу, калі “Крумкачы” з лікам 4:1 трыумфальна перамаглі “Дынама-Мінск”.

Бліжэйшы выступ гурта Re1ikt адбудзецца 1 траўня ў межах фестывалю прагрэсіўнай музыкі “7/8” у клубе “Бруге”, а 28 траўня музыкі зайграюць свой новы альбом “Kufar” на біс падчас сольнага канцэрту ў клубе TNT.