Зязюлін усталяваў новы рэкорд Беларусі ў штуршку



Беларускі спартовец Эдуард Зязюлін у вагавай катэгорыі звыш 109 кг стаў другім на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які прайшоў у Бухарэсце.

У суме двубор’я Эдуард паказаў вынік 432 кг (197 у рыўку + 235 у штуршку) і ўсталяваў новы рэкорд Беларусі ў штуршку.

Яшчэ адзін беларус Аляксей Мжачык у вазе звыш 109 кг заняў  чацвёртае месца.

Беларускія гандбалісты абыгралі ў двух спарынгах літоўцаў

Гандбалісты зборнай Беларусі святкавалі другую перамогу над камандай Літвы ў таварыскіх матчах у Менску. Падначаленыя Юрыя Шаўцова выйгралі з лікам 30:27. Самымі выніковымі ў складзе пераможцаў сталі Арцём Каралёк і Андрэй Юрынок, якія закінулі па 6 мячоў. Напярэдадні, у першым спарынгу, беларусы разграмілі літоўцаў з розніцай у 20 мячоў – 45:25. Для беларускіх гандбалістаў гэтыя сустрэчы сталі этапам падрыхтоўкі да фінальнага турніру чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў студзені на арэнах Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі.

Восьмая запар параза «зуброў» у КХЛ

Менскае „Дынама” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ прайграла ўфімскаму „Салавату Юлаеву” у авертайме 2:3. За «зуброў» закінутымі шайбамі адзначыліся Андрэй Сцяпанаў і Арцём Дзямкоў. Для падначаленых Крэйга Вудкрафта гэта восьмая параза запар. Наступны паядынак „зубры” згуляюць 30 кастрычніка ў гасцявым матчы супраць чэлябінскага „Трактара” .

«Шахцёр» і БАТЭ не выявілі пераможцу

Салігорскі „Шахцёр” і барысаўскі БАТЭ згулялі ўнічыю ў 26-м туры чэмпіянату Беларусі. У канцы першага тайма сустрэчы ў Салігорску Ігар Стасевіч вывеў гасцей наперад, на пачатку другой паловы Дарка Бодул аднавіў парытэт, затым Неманья Міліч зрабіў лік 2:1 на карысць БАТЭ, а на 70-й Мікалай Януш усталяваў канчатковы лік – 2: 2. Такім чынам берасцейскае „Дынама” можа ўжо ў бліжэйшым туры забяспечыць сабе залатыя медалі чэмпіянату краіны. Для гэтага неабходна выкананне некалькіх умоў: БАТЭ павінен страціць ачкі ў сераду (у прапушчанай гульні з „Дняпро”), а таксама ў наступным туры ў хатняй сустрэчы з „Іслаччу”. У такім выпадку перамога берасцейцаў над „Шахцёрам” 3 лістапада за тры туры да фінішу прынясе „Дынама” чэмпіёнскі тытул.

Сербы абыгралі беларусаў у кваліфікацыйным турніры да Еўра-2020

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі пацярпелі першую паразу ў хатнім адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года. У матчы з сербамі на менскім стадыёне „Трактар” гаспадары адкрылі лік на 15-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Кірылы Зіновіча. Прапусціўшы мяч, сербскія футбалісты зайгралі  актыўней, і ў канцоўцы першай паловы гульні Барыс Крсціч двойчы засмуціў брамніка беларусаў – 2:1 на карысць сербаў. Пасля перапынку вынік не змяніўся.

«Ягелонія» прайграла плоцкай «Вісле»

Беластоцкая «Ягелонія» саступіла на выездзе плоцкай «Вісле» ў матчы 13-га тура польскай экстракласы. Адзіны гол у складзе «Ягі» на рахунку Патрыка Клімалы. Падначаленыя Ірэніуша Мамрота такім чынам не скарысталіся шанцам наблізіцца да лідыруючай групы, якую зараз і будзе ўзначальваць «Вісла».

«Мерсісайдцы» вырвалі перамогу ў «шпор»

У цэнтральным матчы чэмпіянату Англіі „Ліверпуль” адолеў „Тотэнхэм” з лікам 2:1. На гол Кейна ўжо на першай хвіліне «мерсісайдцы» адказалі  дакладнымі ўдарамі Хэндэрсана і Салаха, які рэалізаваў пенальці. „Арсенал” разышоўся мірам з „Крыстал Пэлас” 2:2, а „Манчэстэр Юнайтэд” расправіўся ў гасцях з „Норвічам” 3:1. У складзе «чырвоных д’яблаў» адзначыліся Мактомінэй, Рэшфард і Марс’яль. Пры гэтым Рэшфард і Марс’яль яшчэ і не рэалізавалі пенальці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота weightlifting.by