1-га жніўня на Падляшшы прагучаць сірэны
1-га жніўня (субота) у Падляшскім ваяводстве а 17:00 прагучаць сірэны. Гэта будзе зроблена, каб адзначыць 76-ю гадавіну Варшаўскага паўстання, а таксама ўшанаваць памяць тых, хто загінуў у гэтым паўстанні супраць нямецкіх акупантаў у 1944 годзе.
Варшаўскае паўстанне ўспыхнула 1-га жніўня 1944 года. Гэта было ўзброенае выступленне палякаў супраць нямецкіх войскаў у акупаванай Варшаве. Яно было арганізавана Арміяй Краёвай у межах аперацыі „Шторм”.
Гэта адна з найважнейшых падзей у найноўшай гісторыі Польшчы, якая прынесла велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты (разбурэнне Варшавы). Штогод памяць пра загінулых ушаноўваецца падчас Гадзіны „W”, калі ў сталіцы Польшчы пачаліся ваенныя дзеянні.