1% падатку – на дзейнасць грамадскіх арганізацый
У Польшчы кожны мае абавязак скласці штогадовую падактовую дэкларацыю. Тэрмін падачы дэкларацый – да першага траўня. Адметна, што адзін працэнт свайго падатку можна перавесці на дзейнасць любой грамадскай арганізацыі краіны. Летась жыхары Польшчы такім чынам ахвяравалі 617 мільёнаў злотых, але большасць з іх – на 50 самых буйных арганізацый. На Падляшшы заклікаюць дапамагаць мясцовым ініцыятывам.
Кажа старшыня Таварыства “Гай”, якое дзейнічае ў вёсцы Гацькі, Ян Мордань:
– Мы не займаемся хворымі, беднымі, а людзі пераважна дапамагаюць тым, хто патрабуе спачування. Мы маглі б абыйсціся і без гэтага працэнта, але ён дапамагае нам функцыянаваць, напрыклад, купіць паперу ці туш ды інш.
У мінулым годзе Таварыства “Гай” атрымала каля трох тысяч злотых, дзякуючы так званаму “аднаму працэнту”. Для параўнання: на банкаўскі рахунак агульнапольскага фонда “Пасьпець з дапамогай” паступіла 144 мільёны злотых. Найбольшыя грошы сярод падляшскіх арганізацый сабраў Фонд на карысць ратавання хворых дзяцей “Дапамажы ім” – 1 мільён 400 тысяч злотых.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя