10 кіламетраў з бел-чырвона-белым сцягам
У Беластоку прайшло юбілейнае мерапрыемтсва “Беласток бегае”. Адметнасцю гэтых забегаў сталі налепкі “Салідарныя з Беларуссю” ды беларускія сцягі.
Кажа Ян Половянюк:
– Быў у бюро, дзе браў нумар, браў акрэдытацыю. А яны сказалі, што можна ўзяць адмысловую налепку на нумар “Салідарныя з Беларуссю”. Ці вы хочаце? Пэўна, што хачу! Прынамсі, палова тых, хто бег, мелі такую налепку. І бачыў трох асобаў, якія трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.
Некаторыя палякі загадзя звярнуліся да беларусаў Беластока, каб узяць з сабою на мерапрыемства беларускі сцяг. А прадстаўнікі беларускай меншасці ў Беластоку беглі з сваімі ўласнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Кажа Ілона Карпюк:
– Бегла са сцягам бел-чырвона-белым. Каб адзначыць, што гэта важна, што мы з беларусамі. Мой удзел быў, каб сімвалічна падтрымаць змаганне перадусім беларусак. Але і ўвогуле ўсіх беларусаў, якія зараз змагаюцца кожны дзень за сваю будучыню.
У 10-м мерапрыемстве “Беласток бегае” было 2 эстафеты – на 5 і 10 кіламетраў. Усяго ў эстафетах узялі ўдзел 1646 чалавек.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/bialystokbiega