10 красавіка – дзесяць гадоў трагедыі пад Смаленскам (абноўлена)
У сувязі з эпідэміялагічнай пагрозай сёлета не адбудуцца мерапрыемствы на дзяржаўным роўні.
Маршалак польскага Сойму Эльжбета Вітэк, прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і лідар кіруючай у Польшчы партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качынскі ўсклалі кветкі да помнікаў прэзідэнту Польшчы Леху Качынскаму і ахвярам смаленскай авіякатастрофы. Абодва помнікі знаходзяцца на плошчы Пілсудскага ў Варшаве.
Маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі ад імя ўраду ваяводства ўшанаваў памяць ахвяраў катастрофы пры ўскладанні вянкоў да помніка каля касцёла св. Роха, пад дошкай памяці Рышарда Качароўскага і на магілах Кшыштафа Путры, арцыбіскупа Мірона Хадакоўскага і Юстыны Манюшкі.
10 красавіка 2010 года ў авіякатастрофе прэзідэнцкага Ту-154 пад Смаленскам загінулі 96 чалавек. Сярод ахвяраў прэзідэнт Польшчы – Лех Качынскі з жонкай Мар’яй. Польская ўрадавая дэлегацыя ляцела на мерапрыемствы, прымеркаваныя да 70-ай гадавіны Катынскага злачынства. На борце самалёта знаходзіліся віцэ-маршалкі польскага Сойму і Сенату, дэпутаты, галоўнакамандуючы ўзброеных сілаў, высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі, духавенства, прадстаўнікі катынскіх сем’яў ды экіпаж самалёта і функцыянеры БОР (Бюро аховы ўраду).
З Падляшскага ваяводства загінулі чатыры асобы: апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні – Рышард Качароўскі, віцэ-маршалак Сойму – Кшыштаф Путра, праваслаўны ардынарый польскага войска – архіепіскап Мірон Хадакоўскі і сцюардэса – Юстына Манюшка.
Беларускае Радыё Рацыя