10 сутак без візаў і прычал на Нёмане. Планы Гарадзеншчыны на турызм
Вывучэнне замежных моваў, стварэнне турыстычнага прадукту ў кожным раёне вобласці і турыстычны сезон, незалежна ад пары году.
Пра гэта ды іншае распавёў намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Ён прыняў удзел у дыскусіі на тэму “Прыгожы Усход – турызм і спорт як шанцы рэгіёна”, якая адбылася ў межах IV Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку.
Замежныя мовы
Мы цяпер вывучаем замежныя мовы. Кожны турыст хоча чуць сваю мову, таму мы цяпер вельмі актыўна займаемся вывучэннем замежнай мовы.
10 сутак без візы
Павялічыцца тэрмін бязвізавага знаходжання. Тэрмін да 10 сутак з новага году для турыстаў у Гародні і раёне. Ставім задачы, каб чыгуначны вакзал таксама ўвайшоў у гэты рух. Сёння вельмі мы задаволеныя тым, як функцыянуе цягнік Кракаў – Беласток – Гародня. Мы б хацелі, каб такія цягнікі да нас прыязджалі не толькі з заходняй мяжы Польшчы, але і з поўначы.
Пра аэрапорт
Аэрапорт гарадзенскі да канца не задзейнічаны. У нас створаная сучасная навігацыйная сістэма, якая забяспечвае бяспеку палётаў. Добра, каб і лаўкосты ў нас прызямляліся. Гэта б дало магчымасць развіцця турызму ў абедзвюх краінах.
Рака Нёман
Пакуль не было прычалаў на рацэ Нёман, але хутка на турыстычнай базе “Прывал” пабудуюць прычал для маламерных судоў. Маю спадзяванне, што і польскія суда знойдуць тут сваё месца ў горадзе Гародня. А магчыма пазней з’явіцца і зборачная вытворчасць па выпуску маламерных судоў на ўсю рэспубліку ды іншыя рэгіёны.
Пра пункты пропуску
Мы спрасцілі прапускны рэжым на Лясной-Рудаўцы. Тры тысячы турыстаў ужо скарысталіся з гэтай магчымасці. Далей працуем у гэтым напрамку. Добра, каб і аўтамабільны пункт пропуску Сафіева – Ліпчаны мог падключыцца, гэта магло б спрасціць рух транспарту з Аўгустава ў Гародню. З часам можна ставіць пытанне і пра новы пункт пропуску ў Белавежскай пушчы.
Турыстычны сезон незалежна ад сезону
Віктар Лісковіч звярнуў увагу на вытворчы турызм, які, паводле яго слоў, карыстаецца попытам у моладзі і дарослых. “Турысту цікава, як арганізаваная вытворчасць або выпуск той ці іншай прадукцыі”.
– Летні перыяд кароткі. Але ёсць і іншыя формы прыцягнення турыстаў у восеньска-зімні перыяд. У нас выдатная база санаторна-курортнага аздараўлення. Можам разам прасоўваць гэты прадукт.
– Пробны крок зроблены і цяпер мы фарміруем афішу з кантактнымі тэлефонамі, каб можна было загадзя спланаваць наведванне таго ці іншага мерапрыемства.
Трэба, каб кожны раён меў некалькі брэндавых мерапрыемстваў, якія прыцягнуць як айчыннага, так і замежнага турыста.
Агулам, паводле Віктара Лісковіча, ёсць яшчэ шмат магчымасцяў, якія да гэтага часу не рэалізаваныя.
Вядома, што сёння, 29 верасня, пройдзе трэцяе пасяджэнне польска-беларускай рабочай групы ў пытанні развіцця Аўгустоўскага канала.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.