10 траўня ў Польшчы адбудуцца прэзідэнцкія выбары



10 траўня ў Польшчы адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Дату галасавання агучыла маршалак польскага Сойму Эльжбета Вітэк. Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ адпаведнай колькасці галасоў падчас галасавання 10 траўня, другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 24 траўня.

Пра свой удзел у выбарчай гонцы заявіў дзеючы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас сустрэчы з жыхарамі Любартова ў Люблінскім ваяводстве. Анджэй Дуда будзе змагацца за другі тэрмін на пасадзе прэзідэнта ад кіруючай партыі „Права і Справядлівасць”. Кандыдатам ад апазіцыйнай „Грамадзянскай кааліцыі” з’яўляецца былая маршалак польскага Сойму Малгажата Кідава-Блоньска. За пасаду прэзідэнта будзе таксама змагацца лідар сялянскай партыі ПСЛ – Уладзіслаў Касіняк–Камыш. Незадлежным кандыдатам у прэзідэнты Польшчы будзе журналіст, родам з Беластоку, – Шыман Галоўня. Ад кааліцыі Левых сілаў выступіць еўрадэпутат Робэрт Бедронь. Ад „Канфедэрацыі” – кааліцыі Правых сілаў будзе кандыдаваць Кшыштаф Босак. Сваю гатоўнасць удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы анансаваў таксама былы дэпутат ад „Кукіз 15” – рэпер  Пётр Лірой-Мажэц.

Беларускае Радыё Рацыя