100 кругоў на 100-годдзе незалежнасці Польшчы



Вучні і настаўнікі Пачатковай школы № 3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску Падляшскім адзначылі 100-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Польшчы, якая прыпадае на 11 лістапада.

Адной з кропак вялікай школьнай праграмы святкавання Дня Незалежнасці Польшчы быў забег “100 кругоў на 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці”. На школьнай спартовай пляцоўцы кожны са ста ўдзельнікаў павінен быў прабегчы адзін круг, трымаючы сцяг Польшчы. Першай пабегла дырэктарка школы Яання Каліноўская:

– Маем юбілей – 100-годдзе вяртання незалежнасці, і гэта выдатная нагода паказаць моладзі, што спорт – ёсць нечым важным у жыцці. Выдатны юбілей. Цэлая школа спявала гімн разам з адміністрацыяй. І затым моладзь выйшла на стадыён пабегаць.

Сёння шматлікія школы ды дзіцячыя садкі ва ўсёй Польшчы адзначалі гэтую гадавіну.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя   

Фота аўтара