„100 ракурсаў часу”



15 кастрычніка ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы фатаграфіі вядомага беларускага фатографа Юрыя Іванова «100 ракурсаў часу», прысвечанай 45-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

На выставе будуць прадстаўлены 55 рэтраспектыўных фатаграфій з жыцця Беларусі і 45 фатаграфій, апавядаючых пра сучаснае жыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Юрый Сяргеевіч Іваноў нарадзіўся ў 1939 годзе ў Сімферопалі. У Беларусі жыве з 1956 года. Працаваў фотакарэспандэнтам у газетах «Сцяг юнацтва» і «Савецкая Беларусія», агенцтве друку «Навіны» (АДН), перайменаваным пасля ў «РІА Навіны». На працягу некалькіх год узначальваў аддзел фотаілюстрацый газеты «Культура». Цяпер – спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У 1987 годзе ўвайшоў у пералік 100 лепшых фатографаў свету. Браў удзел у стварэнні кнігі «Адзін дзень з жыцця Савецкага Саюза» (Collins Publishing, USA). У 1990 годзе фатаграфія Юрыя Іванова «Лятучка» была прызнана лепшай фатаграфіяй свету за апошнія 10 год (1980–1990).

Персанальныя выставы фатографа праходзілі ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі. Адзіны фотакарэспандэнт у Беларусі – лаўрэат прэміі міжнароднага фотаконкурсу «World Press Photo» ў Гаазе, прэміі Саюза журналістаў Беларусі (цяпер – Беларускі саюз журналістаў), прэміі «Залатая Літара» (2007 год). Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР «За шматгадовую плённую працу ў галіне знешнепалітычнай прапаганды» (1990 год), нагрудным знакам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік друку» (2011 год), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2014 год).

Юрый Сяргеевіч Іваноў з’яўляецца аўтарам шматлікіх альбомаў і выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой. Сярод іх – альбомы «Крэпасць-герой», «Гомель», «Лепель», фотавыставы «Творцы», «Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна», «Гэта было нядаўна, гэта было даўно…» і іншыя. Героямі «рэпартажаў» аўтара ў розныя часы былі Пётр Машэраў, Уладзімір Мулявін, Яўген Еўтушэнка, Андрэй Вазнясенскі, Бэла Ахмадуліна і шмат іншых вядомых асоб і простых людзей розных нацыянальнасцей і прафесій. Фатаграфіямі аўтара ілюстраваны школьныя падручнікі, спецыяльныя выпускі міжнародных выданняў, энцыклапедыі і шмат якая яшчэ друкаваная прадукцыя.

Куратар выставы – навуковы супрацоўнік Наталля Трус (+375 33 304-76-43).

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12 тэл. (017) 226-05-32, 327-43-22 histmuseum.by