100 тысяч злотых на аднаўленне прыдарожных каплічак і крыжоў на Падляшшы
Падляшскае ваяводства выдзеліла гранты на агульную суму 100 тысяч злотых для рэнавацыі 16 аб’ектаў асаблівага мясцовага, культурнага і гістарычнага значэння.

Маршалак Артур Касіцкі падпісаў пагадненні з прадстаўнікамі падляшскіх няўрадавых арганізацый і адзначыў важнасць аднаўленчых работ:
– Прызначаем 100 тысяч злотых па гэтым конкурсе. Хачу звярнуць увагу, што трэба падтрымліваць акрамя значных помнікаў культуры таксама і меншыя архітэктурныя аб’екты, некаторыя з іх запісаны ў рэестр помнікаў, некаторыя не, але гэта тыя аб’екты, якімі славутае Падляшскае ваяводства.
Лідарам па колькасці аднаўляемых аб’ектаў стала аб’яднанне «Праваслаўнае Брацтва Святых Кірыла і Мяфодзія» з Гайнаўкі, якое прадставіла Люцына Рушук:
– Чатыры праекты – чатыры прыдарожныя крыжы. Такія аб’екты – характэрныя для нашага Падляшша. Гэтыя крыжы знаходзяцца ў кепскім стане.
Падляшскае ваяводства плануе і ў наступным годзе паўтарыць адкрыты конкурс пад назвай «Падляшскія святыні — уратаваць ад забыцця». Падаць заяўку на падтрымку могуць любыя афіцыйныя арганізацыі Падляшша. Галоўная мэта — захаванне аб’ектаў малой сакральнай архітэктуры, не занесеных у рэестр помнікаў.









Беларускае Радыё Рацыя
