105 праектаў прэтэндуюць на грамадскі бюджэт Беластока
105 праектаў паступіла на Грамадскі бюджэт горада Беластока на 2016 год. Беластачане падалі 56 праектаў агульнагарадскіх і 49 – раённых.
Сярод іх будаўніцтва футбольных пляцовак, раённых вуліцаў, светлафораў ды помнікаў. Знайшліся таксама грамадска- культурныя праекты, між іншым – фестываль гульняў і культуры, даведнік па Беластоку, ды інтэрнет радыё для півавараў ды аматараў піва.
Цяпер адмысловая камісія будзе правяраць згоднасць усіх праектаў з законам, кажа яе віцэстаршыня Андрэй Светлікоўскі:
– Праводзім зараз фармальную ацэнку: ці выкананыя ўсе неабходныя пункты, ці ёсць неабходная колькасць подпісаў. Далей мы накіруем праекты ў адпаведныя дэпартаменты для далейшага разгляду. Далей, пасля разгляду чыноўнікаў, калі ўсплываюць нейкія недахопы, мы інфармуем асобу, якая склала гэты праект, пра тое, што яна мае тры дні на выпраўленне хібаў.
Якія праекты будуць дапушчаны да галасавання, даведаемся ў прыканцы жніўня. Галасаванне на Грамадскі бюджэт 2016 пройдзе з 3 па 19 кастрычніка. Сёлета на праекты жыхароў горада прэзідэнт Беластока прызначыў 20 мільёнаў злотых.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота juventa.by