Польшча святкуе Дзень незалежнасці (абноўлена)
96 гадоў таму пасля Першай сусветнай вайны на мапе Еўропы зноў з’явілася Польская дзяржава.
У Беластоку галоўныя ўрачыстасці прайшлі на плошчы перад помнікам маршалка Юзафа Пілсудскага. У іх прымалі ўдзел ветэраны, гарадскія і ваяводскія ўлады, а таксама жыхары горада.
– Здабытая гэта свабода, добра што яна ёсць, цешымся. Нашыя дзеці, нашыя ўнукі могуць расці, працаваць.
– Некалі чула такое вельмі мудрае выказванне, што палякі могуць аб’яднацца ў змаганні за нешта, а калі здабудуць, то не цэняць гэтага і не шануюць, таму маем тое, што маем.
Падляшскі ваявода Мацей Жыўна:
– Мы жывем у незалежнай дэмакратычнай краіне, у нашых руках лёс і развіццё нашага рэгіёна. Выбары ў самаўрады, якія адбудуцца праз некалькі дзён, даюць нам магчымасць выбраць сваіх прадстаўнікоў у ваяводскі самаўрад і лакальныя самаўрады. Выкарыстаем гэтую магчымасць, а таксама свайго кшталту абавязак у вырашэнні лёсу нашай лакальнай супольнасці.
Напярэдадні каля трох тысяч чалавек узяло ўдзел у чацвёртым Маршы незалежнасці, які прайшоў у Беластока. Так нацыянальнае польскае Свята незалежнасці адзначылі беластоцкія правыя і нацыяналісты.
Марш пачаўся ад помніка Юзафа Пілсудскага, а завершыўся на вайсковых могілках:
– Лічу сябе палякам і таму хачу ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах і не забывацца пра нашыя колеры, герб, гімн, пра нацыянальных герояў.
– Гэта даніна памяці тым, хто загінуў за Польшчу.
– Для мяне гэта сведчанне таго, што я ганаруся быць полькай, аддаю даніну павагі ўсім, хто змагаўся за незалежнасць.
– Хочам звярнуць увагу на праблему суверэнітэту. Ён, як казаў Юзэф Пілсудскі, не даецца раз і назаўсёды. Суверэнітэт трэба захоўваць, дбаць пра яго штодзённа ў такі складаны час, калі існуюць перашкоды не толькі ў нас, але, напрыклад, у Беларусі, дзе суверэнітэту сапраўды бракуе.
Сёння ў Польшчы – Дзень незалежнасці. 96 гадоў таму, пасля Першай сусветнай вайны, Польшча атрымала незалежнасць. У склад Другой Рэчы Паспалітай увайшлі ў тым ліку і землі Заходняй Беларусі.
* * *
Святкаваць Дзень незалежнасці Польшчы, які адзначаецца 11-га лістапада, у Беластоку пачнуць ужо сёння. Вуліцамі горада пройдзе Марш незалежнасці, які распачнецца а 17-ай гадзіне каля помніка маршалку Юзафу Пілсудскаму, і завершыцца на вайсковых могілках 11-га лістапада.
Заўтра ў 12.30, на пляцы Касцюшкі, распачнуцца галоўныя ўрачыстасці, пасля якіх запланаванае супольнае спяванне патрыятычных песень разам з артыстамі Тэатра лялек. Пройдуць таксама іншыя мерапрыемствы.
* * *
Заўтра, 11-га лістапада, у Польшчы адзначаць Дзень незалежнасці. У гэты дзень святочныя ўрачыстасці запланаваныя таксама ў Гародні. Каля помнікаў і памятных шыльдаў, якія нагадваюць пра аднаўленне незалежнасці Польшчы, з’явяцца бела-чырвоныя вянкі. Мясцовыя палякі падкрэсліваюць, што гэты дзень для іх – важнае свята:
– 11-га лістапада для кожнага паляка – гэта асмысленне нацыянальных каштоўнасцяў і таго, што мы з’яўляемся гэтым народам. Як бы там не было, колькі б не было падзелаў і спроб падзяліць польскі народ, але чалавек адчувае сябе палякам і тое, што гэта ёсць нашая Айчына, да якой, дзе б не быў паляк, ён заўсёды прагне прыехаць на Радзіму.
Дзень 11-га лістапада прыгадвае ўсім палякам пра цяжкую і крывавую гісторыю Айчыны, ушаноўвае памяць змагароў за незалежнасць, спрыяе захаванню нацыянальнай памяці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pepe.com