110 тысяч віз толькі ў Польшчу і Літву выдалі беларусам
Са жніўня мінулага году беларусы з’яжджаюць жыць за мяжу па палітычных перакананнях. За год Літва выдала беларусам каля 20 тысяч нацыянальных візаў. Такая віза дае магчымасць знаходзіцца ў Літве і працаваць. 834 беларусы атрымалі спецыяльны дазвол ад міністра ўехаць у Літву праз экстраардынарныя гуманітарныя ўмовы.
206 беларусаў падалі запыт на прытулак у Літве. Гэтую лічбу Святлане Ціханоўскай назвалі падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.
З пачатку году па 31 ліпеня Польшча выдала беларусам 90 тысяч віз, з іх 9 тысяч — гэта гуманітарныя візы, з якімі беларусы могуць працаваць у Польшчы. Са жніўня мінулага году Польшча выдала беларусам 12 тысяч гуманітарных візаў. Такім чынам, толькі ў Літву і Польшчу маглі з’ехаць 110 тысяч беларусаў.
Паводле памежнай службы Ўкраіны, са жніўня мінулага году мяжу перасеклі 100 тысяч беларусаў. Праўда, гэта ня значыць, што ўсе гэтыя людзі засталіся жыць ва Ўкраіне.
Беларускае Радыё Рацыя