12 кіламетраў ракі Нараўка плануюць аднавіць на тэрыторыі Белавежскай пушчы



Фотаздымак адпаведнага акта апублікаваў у сваім Facebook прадстаўнік Франкфурцкага заалагічнага таварыства і грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўчшыны” Віктар Фянчук. Гаворка вядзецца пра беларускую частку — тэрыторыю Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Белавежская пушча».

Яшчэ ў пазамінулым годзе беларускія спецыялісты разам з польскімі калегамі абмяркоўвалі гэты праект па аднаўленні натуральнага рэчышча Нараўкі:

– Белавежская пушча – гэта адзіны лясны масіў. І падыходы да кіравання гэтай тэрыторыі павінны быць адзіныя. У шмат якіх галінах мы зараз развіваем супольны падыход. Гэта і аднаўленне гідралагічнага рэжыму разам. Зараз мы пра гэта гаворым тым, хто прымае рашэнне ў нашай краіне, паказаць, што можа быць трошкі па-іншаму, можа быць як у Польшчы.

«Зараз можна пачаць праектаванне. Тут плануецца спалучыць два падыходы – на некаторых фрагментах адкапаць гістарычнае рэчышча, а на большасці – ствараць умовы, каб рэчка пачала ўтвараць меандры сама. Такія, якія ёй самой даспадобы», – падсумаваў Віктар Фянчук.

***

150 гадоў таму раку Нараўку – адну з галоўных водных артэрый Белавежскай пушчы – пачалі пераўтвараць у канал, каб сплаўляць лес у парты Балтыйскага мора. Зараз ГА “Ахова птушак Бацькаўчшыны” і ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», пры падтрымцы  Франкфурцкага заалагічнага таварыства спрабуюць выправіць гэтыя змены.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Daniel Rosengren