13 снежня 1981 года ў Польшчы было ўведзена ваеннае становішча



13 снежня 1981 года на ўсёй тэрыторыі Польшчы было ўведзенае ваеннае становішча, прыпыненае 31 снежня 1982 года і адмененае 22 ліпеня 1983 года. Падчас ваеннага становішча было інтэрнавана звыш 10 тысяч актывістаў прафсаюза “Салідарнасць”.

Пад рэпрэсіі трапіў і Алег Латышонак – зараз прафесар універсітэта ў Беластоку, гісторык.

РР: Як Вы, як гісторык, ацэньваеце ўвядзенне ваеннага становішча ў Польшчы?  

Алег Латышонак: Не бяруся вырашаць, ці была сапраўды рэальная пагроза савецкай інтэрвенцыі ці не. Я да генерала Ярузельскага меў больш прэтэнзій не за тое, што ён увёў ваеннае становішча, а за тое, што ён не скарыстаў яго для змен у Польшчы, для рэформаў. Ён думаў, што больш кантролю, больш прымусу і ўсё будзе добра. А тут трэба было праводзіць такія рэформы, якія былі праведзеныя, але ўжо праз 7 гадоў. Гэта толькі зараз можа здавацца, што тады людзі былі забяспечаныя, была праца, жыллё. Але гэта праца мала аплачвалася. А жыллё трэба было чакаць сто гадоў. Перад маладымі людзьмі не было ніякіх перспектываў. Таму гэта быў бунт маладога перш за ўсё пакалення. Але і старэйшага. Я магу сказаць, што нават партыйныя хацелі зменаў. Бо не магла Польшча далей так існаваць без ніякіх зменаў.  Найгорш было тое, што ўвядзенне ваеннага становішча яшчэ на столькі гадоў затармазіла развіццё краіны.

РР: Нацыянальны беларускі рух таксама пачаў развівацца, дзякуючы польскаму адраджэнню.

Алег Латышонак: Безумоўна, паколькі гэта быў вялікі выбух свабоды, то скарысталіся ім і беларусы Падляшша, якія хацелі не проста так жыць, а хацелі, каб было беларускае. Бо трэба сказаць, што тая беларушчына была вельмі моцна прыдушана. Узнік БАС, незарэгістраваны, але столькі маладых людзей пачало дзейнічаць. Старэйшыя вакол Сакрата Яновіча пачалі гуртавацца. Нічога гэтага без “Салідарнасці” немагчыма было б зрабіць. І тое, што пасля ўлады талеравалі беларускі рух. Ужо можна было сустракацца і нешта рабіць. Выдаваць часопіс, арганізоўваць сустрэчы.  

Цалкам матэрыял сухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя