135-годдзе Якуба Коласа адзначылі ў Варшаве
Інтэлектуальнай гульнёй Jakub Quiz беларусы Варшавы сустрэлі юбілей народнага паэта. Інтэлектуальная гульня складалася з некалькіх тураў, адзін з якіх цалкам быў прысвечаны жыццю і творчасці беларускага класіка. Гаворыць арганізатар гульні, Аляксандр Лапко:
— Вельмі шмат беларусаў ходзяць на розныя інтэлектуальныя гульні, якія мы праводзім . Я падумаў больш згуртаваць беларусаў на нацыянальнай глебе, на мове, на пытаннях, прысвечаных Беларусі, беларушчыне.
Таццяна:
— Сёння гульня ў беларускім фармаце была ўпершыню. Адразу бачна, што гульня адрозніваецца ад таго, да чаго мы прызвычаіліся. Было вельмі шмат беларусаў і гэта вельмі радуе, што людзі за мяжой аб’ядноўваюцца.
Павел Чыж:
— Першы тур быў вельмі цікавым, мультымедыйным. Былі песні і трэба было адгадаць аўтара слоў: Максім Багдановіч, Янка Купала, Генадзь Бураўкін. Канешне, выдатныя аўтары.
Падчас Jakub Quiz-у было сабрана 400 рублёў, якія пойдуць на стварэнне помніка Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава