15 год таму не стала Тамары Саланевіч



18 ліпеня – 15 гадавіна з дня смерці беларуска-польскай кінарэжысёркі і сцэнарысткі Тамары Саланевіч. У студыі Беларускага Радыё Рацыя Кацярына Паплаўская – журналістка з Беластоцкага тэлебачання.

Кацярына Паплаўская: Тамара Саланевіч у маім жыцці стала вельмі важным чалавекам. З Тамарай я пазнаёмілася ў 1998 годзе, калі прыехала ў Беласток, яна вучыла журналістаў у новым асяродку, які паўстаў за некалькі месяцаў да гэтага, як рабіць кінарэпартажы. Тамару я памятала як рэжысёрку стужкі “Ахвяра”. Гэты фільм быў зняты ў 1988 годзе, мне тады было 13 гадоў. Польскае тэлебачанне дзесьці позна ноччу паказала гэтую стужку пра праваслаўе, пра чалавека, які нясе крыж, моліцца ў царкве, ідзе на святую Гару Гарбарку – месца найсвяцейшае для ўсіх праваслаўных Падляшша. Гэтая стужка зрабіла на мяне найвялікае ўражанне. Памятаю, як ва ўсіх знаёмых пыталася, хто зрабіў такі неверагодны фільм? З аднаго боку – такі прыгожы. А з іншага – вельмі праўдзівы. Часам прыязджалі на Беласточчыну розныя рэжысёры, але паказвалі яны нейкі фальклор, калі старыя бабулькі маліліся ў царкве і ўвесь час спявалі “Госпадзі, памілуй!”. Так тэлебачанне тады паказвала праваслаўе. Гэты ж фільм быў іншы. І вось у 1998 годзе я твар у твар сустрэлася з жанчынай, якая гэтую стужку стварыла.

Тамара была незвычайнай асобай. Яна дасканала ведала сваю справу. Перадусім, яна паўтарала нам, людзям, так ці іначай звязаных з рэдакцыямі нацыянальных меншасцяў ці праваслаўнымі праграмамі, цаніце сваё, роднае, паказвайце гэта як мага прыгажэй , расказвайце пра гэтых людзей , паказвайце ГЭТУЮ Беласточчыну, бо яна знікае, шукайце, і заахвочвала нас да працы.

Яна прыходзіла на працу а 9-й раніцы і сыходзіла а 22 – 23-й. Зараз я ўжо ведаю, што гэты час яна старалася выкарыстаць максімальна,  бо ведала, што невылечна хворая і часу ёй засталося няшмат. Была з намі два гады, навучыла нас усяму, чаму толькі здолела. Але думаю, што самае галоўнае, ёй ўдалося прышчапіць нам неверагодную любоў да Беласточчны. І дзякуючы гэтаму паўстала шмат добрых фільмаў, шмат таленавітых асоб выйшла з гэтага асяродка – гэта Коля Ваўранюк, Юрка Каліна ды іншыя, усе мы пачыналі з Тамары.

РР: Заўтра адбудзецца паніхіда і сустрэча, прысвечаныя Тамары Саланевіч.

Кацярына Паплаўская: Так, сапраўды, гэта нашая прыватная ініцыятыва. Тамара не мела блізкіх родных. У яе не было мужа і дзяцей. Але ўпэўненая, што пра яе памятае шмат людзей. Мы вырашылі ўшанаваць гэтую сумную дату малітвай, мы замовілі паніхіду а 9-й раніцы ў царкве ў Міхалове. Усіх, хто ведаў Тамару, каму яна была блізкай ці хто быў героем яе фільмаў і хоча заўтра раніцай памаліцца за яе і паставіць свечку, запрашаем на малітву. Тамара была вельмі патрабавальнай і да сябе, і да людзей, якія разам з ёй працавалі. Але яе ўсе моцна любілі.

Сустрэча, прысвечаная Тамары Саланевіч, адбудзецца ў Нараўцы, а 19-й гадзіне адбудзецца паказ фільмаў рэжысёркі, прысутныя падзеляцца сваімі ўспамінамі. На сустрэчу прыедзе Пётр Нестэровіч – хросны сын Тамары і сын Мікалая Нестэровіча – аператара, які зняў большасць стужак Тамары Саланевіч.

З Кацярынай Паплаўскай гутарыла Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота encyklopedia.puszcza-bialowieska.eu