155 разоў білі званы ў Вільні ў гонар Кастуся Каліноўскага
Дзень памяці Кастуся Каліноўскага – 155-ыя ўгодкі з Дня ягонай смерці – адзначаюць ў Вільні.
На Лукішскім пляцы літоўскай сталіцы званы білі 155 разоў у памяць пра кіраўніка паўстання 1863-64 гадоў. З Вільні перадае наш карэспандэнт:
– Сёння ў Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага. Гэта адбылося на Лукішскім пляцы, дзе ён прыняў смерць на шыбеніцы. Там сабраліся беларусы Вільні, прыехалі госці з Менску, з Польшчы. Народу было няшмат, але выглядала ўсё вельмі кранальна. Было шмат бел-чырвона-белых сцягоў, былі сцягі з Пагоняй. Усё гэта суправаджалася гукамі званоў. 155 разоў прабілі званы ў бліжэйшым касцёле, бо якраз 155-я ўгодкі з дня смерці Кастуся Каліноўскага. Перад прысутнамі выступіў гісторык Язэп Янушкевіч, ён чытаў вершы, прысвечаныя змагару, літаратурныя ўспаміны. Прагучаў “Ліст з-пад шыбеніцы” на літоўскай мове, які пераклала Ірына Кісялёва. Былі зачытаны імёны паўстанцаў, якія былі пакараныя смерцю за свой супраціў.
Беларуская нацыянальная памяць заклікае ўсіх узгадаць паўстанцкага камандзіра, які быў павешаны па загадзе генерала Мураўёва на Лукішскім пляцы ў Вільні 155 гадоў таму.
Кастусь Каліноўскі — лідар беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт. Нацыянальны герой Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Вільня