16 чэрвеня – 81-ая гадавіна пацыфікацыі вёскі Райск, што на Бельшчыне
Спаўняецца 81-я гадавіна адной з найбольш трагічных падзей на Бельшчыне ў часы Другой сусветнай вайны – нацыстамі была спалена вёскі Райск.
Кожны год, 16-га чэрвеня, у Райску дзень жалобы. З усёй Польшчы прыязджаюць родныя расстраляных жыхароў, каб паўдзельнічаць у набажэнстве за трагічна загінулых у 1942 годзе. Пасля набажэнства працэсія ідзе дарогай смерці да брацкай магілы, над якой служаць малебен.
Кажа войт гміны Бельск Падляшскі Раіса Раецкая:
– 16-га чэрвеня кожнага году пра тое здарэнне, якое мела месца ў 1942 годзе, перадусім памятаюць жыхары вёскі, сем’і тых, хто яшчэ жыве і былі сведкамі тых падзей, а таксама дзеці і ўнукі. Гісторыя перадаецца з пакалення ў пакаленне.
16-га чэрвеня 1942 года немцы расстралялі 149 мірных жыхароў вёскі. Ацалелую моладзь вывезлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну, а жанчын і дзяцей прымусова перасялілі. Саму вёску спалілі. Райск па загаду акупантаў павінен быў перастаць існаваць.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя