1644 беларусы прызнаны пагрозай нацбяспекі Літвы
З канца лістапада мінулага года Літва прызнала пагрозай нацыянальнай бяспецы 1644 грамадзяніны Беларусі. Даныя прыводзіць Дэпартамент міграцыі МУС Літвы.
562 беларусам было адмоўлена ў атрыманні часовага віду на жыхарства, 343 грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў працягу ВНЖ. Яшчэ 450 чалавек пазбавіліся раней выдадзеных і яшчэ дзейных часовых відаў на жыхарства. У васьмі беларусаў анулявалі пастаянны від на жыхарства, яшчэ двум адмовіліся выдаць пастаянны ВНЖ.
Акрамя таго, Літва не выдала нацыянальныя візы 279 грамадзянам Беларусі.
Пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы таксама прызнаны 397 грамадзян Расеі.
З гэтага года грамадзяне Беларусі і Расеі, якія жадаюць атрымаць нацыянальную візу або ВНЖ Літвы, павінны запоўніць апытальнік. У дакуменце яны павінны выказаць сваю пазіцыю па Крыме і вайне ва Украіне, а таксама пазначыць сваю адукацыю, месца працы, бізнес-сувязі, расказаць аб кантактах з дзяржаўнымі ведамствамі краін, якія не з’яўляюцца членамі ЕЗ і НАТА, паведамляе reform.by.