18 верасня – пратэст беластоцкіх таксістаў



Чарговыя цяжкасці на вуліцах горада чакаюць жыхароў Беластока 18 верасня. Ад адзінаццатай гадзіны вулічны рух у цэнтры горада будзе паралізаваць пратэст таксістаў, якія пратэстуюць супраць забароны язды таксі па буспасах.

bilde111

Паводле Януша Верпахоўскага з прафсаюза беластоцкіх таксістаў, пастанова аб забароне, якую выдаў прэзідэнт Тадэвуш Трыскаляскі крыўдзіць таксістаў.

– Ва ўсіх гарадах таксоўкі трактаваліся нароўні з аўтобусамі. Наша галоўная мэта давезці гараджанаў па справах вельмі тэрміновых – у нашых таксоўках ездяць маці з хворымі дзецьмі, бізнесмены на важныя сустрэчы з інвестарамі, студэнты, якія спазняюцца на заняткі….

У чацвер праз горад праедзе калона 150 аўтамабіляў. Пачынаюць з аэрадрома на Крыўлянах і далей вуліцамі Міцкевіча, Звежынецкай, Качароўскага, Кіёўскай, Каліноўскага, Граховай, Чэнстахоўскай, алеяй Пілсудскага, Салідаргасці і Яна Павла Другога. Планаванае завяршэнне пратэста ў 12.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя