20 новых прадпрыемстваў можа ўзнікнуць ў Гайнаўскім павеце



Павятовая ўправа працы ў Гайнаўцы атрымала грошы на дафінансаванне для беспрацоўных, якія хочуць пачаць гаспадарчую дзейнасць. Гэта больш за 1 мільён 600 тысяч злотых, якія паходзяць з еўрапейскай Рэгіянальнай аперацыйнай праграмы. За гэтыя сродкі ўправа працы арганізуе таксама стажыроўкі і майстар-класы для беспрацоўных, кажа дырэктар Павятовай управы працы ў Гайнаўцы Марэк Рашчэнка.

Будзе каля 160 асобаў. Яны будуць карыстацца рознымі формамі ў адпаведнасці з іх патрэбамі: гэта стажыроўкі, навучанне, датацыі на адкрыццё ўласнага бізнесу і паляпшэнне месца працы.

Грошы на дапамогу беспрацоўным атрымалі таксама іншыя падляшскія паветы, між іншым, Бельскі, Сямятыцкі і Сакольскі. Дафінансаванне для ўсіх павятовых упраў працы склала разам 41 мільён злотых. Першыя конкурсы для беспрацоўных, якія хочуць пачаць гаспадарчую дзейнасць, адбудуцца ў траўні.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток