22-га ліпеня на пераходзе ў Кузніцы пачнецца рамонт
З 22-га ліпеня ў пункце пропуску „Кузніца”, які мяжуе з беларускімі „Брузгамі”, пачнуецца рамонтныя працы па пашырэнні дарожнага палатна.
У сувязі з гэтым кіроўцаў на працягу чатырох месяцаў чакаюць чэргі і пэўныя цяжкасці ў руху. Кажа прэс-сакратар Падляшскага аддзелу памежнай службы Катажына Здановіч:
– На памежным пераходзе ў Кузніцы працягваюцца рамонтныя працы, а 22-га ліпеня на выязной паласе з Польшчы будзе класціся пакрыццё. Тады гэтая паласа будзе закрыта і можна будзе карыстацца толькі ўязной, у сувязі з чым рух будзе пушчаны па адной паласе дарогі ў адным і другім накірунку.
На працягу двух месяцаў працы будуць весціся на выезд з Польшчы, а на працягу наступных двух – на ўезд у Польшчу. Падобныя рамонтныя працы ўжо праводзіліся з беларускага боку мяжы ў „Брузгах”. Кажа афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь Антон Бычкоўскі:
– Мы ў сваім пункце пропуску таксама праводзілі такія працы. У нас былі абмежаванні па транспартнай плыні, таксама закрывалі палосы, інфармавалі пра гэта тых, хто перасякаў дзяржаўную мяжу. Разам з тым, мы з польскім бокам прыкладаем максімальныя высілкі для таго, каб пункт пропуску захаваў сваю працаздольнасць, каб яго праца была рытмічнай, ну і каб гэта як найменш паўплывала на пасажыраў і грузаперавозкі.
Цалкам мадэрнізацыю пункта пропуска „Кузніца” плануецца завяршыць да вясны наступнага году. Яе кошт – каля 18,5 мільёнаў злотых, гэта больш за чатыры мільёны еўра. У выніку колькасць палосаў на ўезд і выезд з Польшчы павялічыцца з двух да чатырох у кожным напрамку, а прапускная здольнасць „Кузніцы” мае павялічыцца на 70 працэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя