25 гадоў таму Літва стала незалежнай
Літва адзначае 25-годдзе аднаўлення незалежнасці. Літва як першая з савецкіх рэспублік аб’явіла незалежнасць ад Савецкага Саюза.
У будынку літоўскага парламента адбудзецца цырымонія ўзняцця сцягоў трох балтыйскіх краін, а пасля пачнецца парад. З нагоды свята ў віленскай ратушы арганізуецца круглы стол пра ўрокі гісторыі і выклікі, у ім возьмуць удзел палітыкі з Балтыйскіх краін, Паўночнай Еўропы, Польшчы, Украіны і ЗША. Урачыстасці адбудуцца ва ўсіх вялікіх гарадах краіны.
11 сакавіка 1990 года Вярхоўнай Радай Літвы – адноўленым Сеймам пад кіраўніцтвам Вітаўтаса Ландсбергіса быў абвешчаны Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы. Да 1940 Літва была суверэннай дзяржавай, пасля гэтага яна на паўстагоддзя была ўключана ў склад СССР.
Краіна атрымала міжнароднае прызнанне ў 1991 годзе. Першай Літву прызнала Ісландыя, яе прэзідэнт у гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Вільні.