25 траўня – чарговая акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве



Беларускі Дом у Варшаве паведамляе пра правядзенне акцыі салідарнасці з рэпрэсаванымі беларусамі, у тым ліку прадстаўнікамі польскай меншасці, якая адбудзецца сёння, 25 траўня, у 19.00 перад амбасадай Рэспублікі Беларусь (ul. Wiertnicza 58). Мэта акцыі – пратэст супраць масавых рэпрэсій, якія праводзіць рэжым Лукашэнкі, і выказванне падтрымкі дзеянням, накіраваным на вызваленне сотняў палітвязняў, уключаючы ўвядзенне шырокіх санкцый. 

Масавыя рэпрэсіі і пераслед палітычных апанентаў рэжыму набіраюць моц. Паводле ПЦ „Вясна”, 421 чалавек у Беларусі цяпер лічацца палітвязнямі. Сярод іх таксама прадстаўнікі польскай меншасці Анжаліка Борыс, Анджэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава, якім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Учора адбыўся чарговы беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму, калі рэжым Лукашэнкі змусіў да аварыйнай пасадкі самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню, і затрымаў Рамана Пратасевіча – рэдактара найбуйнейшых незалежных каналаў навінаў у Беларусі. Тэрарысты пагражалі бяспецы пасажыраў на борце і ўсяго экіпажа, каб расправіцца з чалавекам, якога яны палічылі экстрэмістам за паведамленні пра беларускія мірныя пратэсты. Раману можа пагражаць нават смяротнае пакаранне! У гэтай сітуацыі мы не можам застацца абыякавымі да пакутаў, якія Лукашэнка штодня прычыняе сотням нявінных палітвязняў і іх сем’ям.

Мы запрашаем усіх прадстаўнікоў СМІ прыняць удзел у нашай кампаніі, каб паведаміць пра гэтую падзею і прыцягнуць увагу польскага грамадства да цяперашняй сітуацыі ў Беларусі.

Беларускі Дом у Варшаве