25-ыя “Спасаўскія запусты” завяршыліся ў Бельску



25-ты юбілейны фестываль “Спасаўскія запусты” завяршыўся ў Бельску вялікім канцэртам у гарадскім амфітэатры.

Мерапрыемства наведала шмат гасцей, у тым ліку дэпутаты польскага Сойма. Упершыню ў Бельску прысутнічаў Надзвычайны і паўнамочны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў, які выступіў з прывітальным словам фестывалю “Спасаўскія запусты”:

– Чверць веку фестываль існуе ў нашай агульнай культурнай гісторыі, дачыненні двух нашых дзяржаў. І вельмі цешыць тое, што на фестываль прыехалі ансамблі з Беларусі, што не згасае сяброўства паміж творчымі калектывамі нашых краін. Няхай фестываль падорыць усім удзельнікам і гасцям радасныя эмоцыі і новых сяброў.

На фестывалі ўшанавалі тых, хто стаяў ля яго вытокаў. Лісты падзякі дасталі сябра павятовай управы беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Бельску Падляшскім Аляксандр Бошка і старшыня павятовай управы беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Бельску Падляшскім Васіль Ляшчынкі.

Кажа Васіль Ляшчынскі:

– 25 гадоў таму прыйшло нам у галаву, беларускім дзеячам у Бельску Падляшскім, каб зрабіць такое мерапрыемства пры дапамозе бельскага Дома культуры. Удалося нам увайсці ў рынак летніх фэстаў у Бельску і ў нашым ваяводстве. 25 гадоў гэта ўжо паважны век. Здаецца, што тыя фэсты будуць патрэбныя і ў будучыні. І мне здаецца, што 25 наступных гадоў ёсць перад намі. Гэтае мерапрыемства скіраванае перад усімі жыхарамі нашага горад і нашых гасцей.

Фестываль “Спасаўскія запусты” штогод наведваюць выканаўцы з Беларусі. Сёлета ў ім узялі ўдзел Беларускі дзіцячы заслужаны фальклорны калектыў «Дударыкi» менскай гімназіі № 14 і заслужаны фальклорны ансамбль «Купалiнка» з Белдзяржфiлармонii.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя